Ксанторыя (расліна) 6/112—113 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КСАНТО́РЫЯ (Xanthoria),

род ліставатых лішайнікаў сям. целашыставых. 15 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. паўшар’ях. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя К. воскападобная (X. candelaria), насценная (X. parietina), шматплодная (X. polycarpa). Трапляюцца на кары дрэў, камянях. Некат. — нітрафілы і пасяляюцца ў месцах антрапагеннага ўздзеяння (напр., бетон, цэментныя сцены).

Слаявіна ў выглядзе разетак аранжава-чырв. колеру, укрыта каравым слоем, прымацавана да субстрату рызоідамі. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя ці на кароткіх ножках. Сумкі з біпалярнымі бясколернымі аскаспорамі. Фікабіёнт — водарасць роду цыстакокус. Індыкатары забруджвання навакольнага асяроддзя.

В.​В.​Галубкоў.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ксанто́рыя

(н.-лац. xanthoria)

ліставаты сумчаты лішайнік сям. целасхіставых, які трапляецца на кары дрэў, апрацаванай драўніне, камянях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нітрафі́льны

(ад нітра- + гр. phileo = люблю);

н-ыя лішайнікі — лішайнікі, якія растуць у месцах з павышаным утрыманнем азоцістых злучэнняў (напр. калаплака, ксанторыя, фісцыя і інш).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)