Крыжаві́ны ’хаўтуры, угодкі’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да крыжавіны ў значэнні ’прыстасаванне, на якое кладуць цела нябожчыка’. Да крыж1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крыжаві́на

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. крыжаві́на крыжаві́ны
Р. крыжаві́ны крыжаві́н
Д. крыжаві́не крыжаві́нам
В. крыжаві́ну крыжаві́ны
Т. крыжаві́най
крыжаві́наю
крыжаві́намі
М. крыжаві́не крыжаві́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

тапы́ршчыцца, ‑шчыцца; незак.

Абл. Тапырыцца. Тырчалі халодныя крыжавіны елак. Тапыршчыліся вострыя ядлоўцы. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турніке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Прыстасаванне ў выглядзе рухомай крыжавіны, што ўстанаўліваецца ў праходах, каб наведвальнікі маглі праходзіць толькі па аднаму.

[Фр. tourniquet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНЕМО́МЕТР (ад анема... + ...метр),

прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.

Анемометр чашачны.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДА́ННЫ ШАРНІ́Р,

механізм, які забяспечвае вярчэнне двух валоў, размешчаных пад пераменным вуглом адносна адзін аднаго. Бывае жорсткі (рухомае злучэнне звёнаў) і пругкі (пругкае злучэнне); сінхронны (вярчэнне валоў з пастаяннай скорасцю) і асінхронны (нераўнамернае вярчэнне выхаднога вала). Паслядоўнае злучэнне К.ш. наз. карданнай перадачай. Выкарыстоўваецца ў прыладах (гл. Гіраскоп), станках, трансп. машынах і інш.

Карданны шарнір: 1 — вілка; 2 — апора для цапфы крыжавіны; 3 — накрыўка; 4 — крыжавіна.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

турніке́т

(фр. tourniquet)

прыстасаванне ў выглядзе рухомай крыжавіны, што ўстанаўліваецца ў праходах, каб наведвальнікі маглі праходзіць па адным.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

крыжаві́на, ‑ы, ж.

1. Дзве планкі, два брусы і пад., змацаваныя ў форме крыжа. Крыжавіна рамы. □ Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка.

2. Прыстасаванне на месцы перасячэння рэйкавых пуцей для пераводу цягніка на другі пуць. Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖО́РНЫ,

прыстасаванне для ручнога памолу зерня; ручны млын. На Беларусі Ж. былі каменныя і драўляныя. Каменныя складаліся з 2 дыскаў дыяметрам 35—50 см, таўшчынёю 10—15 м, пастаўленых у скрынку ці станок. Ніжні нерухомы камень звычайна быў таўсцейшы, верхні — больш лёгкі, з адтулінай пасярэдзіне для засыпання зерня, мацаваўся пры дапамозе паўпрыцы (жалезнай крыжавіны або пласціны), якая круцілася на шпяні, замацаваным у ніжнім камені. Каб мука лепш ссыпалася, паверхню ніжняга каменя рабілі крыху выпуклай, верхняга — увагнутай. Ж. круцілі пры дапамозе доўгага кія (млёна), верхні канец якога ўстаўляўся ў бэльку ці адтуліну спец. планкі. Часам жарнавыя паставы рабілі з дубовых калодак, на рабочую ч. якіх веерападобна набівалі пласцінкі чыгуну або жалеза. Такія Ж. трапляліся пераважна на Палессі. Яшчэ ў пач. 20 ст. Ж. былі амаль у кожнай сял. сям’і, у некаторых месцах ва ўжытку захаваліся да 1950-х г.

Л.​І.​Мінько.

Жорны драўляныя і каменныя.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

на́даўбень, ‑бня, м.

1. Жалезабетонная рэйка, тумба ці бервяно, якія ўбіваюцца або ўкопваюцца ў зямлю як процітанкавая загарода. Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка. Дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы.. пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. Паслядовіч.

2. Лаянк. Пра тупога, неразважлівага чалавека. Ну і надаўбень жа ён!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)