Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́Ў IIIКрывавусты
(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),
польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у т. л. ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКА ((Peszka) Юзаф) (19.2.1767, г. Кракаў, Польшча — 4.9.1831),
польскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Расіі. Вучыўся ў Д.Эстрэйхера ў Кракаве і з 1786 у Ф.Смуглевіча ў Варшаве. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). У 1793—1812 жыў у Гродне, Мінску, Вільні, Маскве, Пецярбургу; часта наведваў Магілёў, Віцебск, Нясвіж, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на і в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. З 1812 у Кракаве, з 1815 праф. жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (каля 1800—07). Аўтар алегарычных і гіст. кампазіцый: «Пастрыжэнне Мечыслава I», «Устанаўленне пагранічных слупоў Мечыславам I», «Баляслаў Крывавусты нападае на памораў», «Смерць Баляслава Крывавустага», «Арыстыд піша сам сабе загад на выгнанне», «Перамога Сабескага пад Венай», «Хрыстос перад Пілатам», «Называнне Кракава вольным горадам», «Напалеон на кані». Пісаў партрэты (А.Чартарыйскага, К.Сапегі, С.Солтана, І.Закрэўскага, сям’і Манюшкаў, аўтапартрэт), пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Дакладнасць перадачы дэталяў адзення, арх. элементаў і інш. робіць творы П. каштоўнымі гіст. крыніцамі.
Літ.:
Чантурыя Ю.У. Акварэлі Іосіфа Пешкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;
Усава Н. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша вера. 1999. № 1.