Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
БАРА́НАВІЦКІ РАЁН,
на Пн Брэсцкай вобласці Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Навамышскі, з 1957 Баранавіцкі раён. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 52,8 тыс.чал. (1995), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 24 чал./км². Цэнтр — г.Баранавічы; гар.пас. Гарадзішча, 244 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 21 сельсавет: Велікалуцкі, Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Жамчужненскі, Карчоўскі, Каўпеніцкі, Крошынскі, Ляснянскі, Малахавецкі, Мілавідскі, Моўчадскі, Мядзеневіцкі, Навамышскі, Падгорнаўскі, Паланэчкаўскі, Палонкаўскі, Пачапаўскі, Петкавіцкі, Сталовіцкі, Уцёскі, Цешаўлянскі.
Тэрыторыя раёна ў межах Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 180—240 м, самы высокі пункт 267 м (каля в. Зялёнае). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 193 дні. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Лахазва, Іса, на Пн — р. Сэрвач, на ПнЗ — Моўчадзь. Вадасховішча Гаць. Азёры Калдычэўскае і Дамашэўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 33% тэрыторыі, найб. масівы на ПдЗ і З. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы. Балотаў 18,7 тыс.га, амаль усе нізінныя, часткова асушаныя. На тэр. раёна біял. заказнік Баранавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 94,2 тыс.га, з іх асушана 18,6 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 19 калгасаў і 11 саўгасаў, 5 птушкафабрык, 1 міжгасп. прадпрыемства. Асн.с.-г. галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля), птушкагадоўля, бульбаводства; вырошчваюць цукр. буракі, збожжавыя, лён, агародніну. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы садовых домікаў), харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, з Баранавіч на Ліду, Слуцк, Лунінец, Слонім; аўтадарогі Брэст—Мінск, Кобрын—Івацэвічы—Стоўбцы, Баранавічы—Слонім—Гродна, з Баранавіч на Навагрудак, Ляхавічы, Нясвіж. У раёне тэхнікумы тэхналагічны і лёгкай прам-сці, вучылішчы медыцынскае, музычнае, педагагічнае; ПТВ, 18 базавых, 26 сярэднеагульнаадук. школ, дзіцячая спарт. школа, 35 дашкольных устаноў, 67 б-к, 5 бальніц. Зоны адпачынку: турбаза «Лясное возера», дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Дружба». Помнікі прыроды: Карчоўскія дубы-блізняты, Камень філарэтаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Сэрца Ісуса (19—20 ст.), царква Іаана Хрысціцеля (18 ст.) у в. Сталовічы; палац кн. Канстанціна Радзівіла (канец 18 ст. — пач. 19 ст.), Юр’еўскі касцёл (19 ст.) у в. Паланэчка; Праабражэнскі касцёл (пач. 19 ст.) і Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Новая Мыш; Крыжаўзвіжанская царква і касцёл (18 ст.) у г.п. Гарадзішча. Мемарыяльная капліца на месцы Мілавідскай бітвы 1863 каля в. Мілавіды. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Выдаецца газета «Наш край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і папулярызуюць прадметы нар. культуры і побыту, вытв. дзейнасці, твораў мастацтва, дакумент. крыніц і інш. розных народаў. М.э. — неад’емная частка гісторыка-культ. спадчыны, крыніца па вывучэнні этналогіі народа і яго традыцый. Большасць М.э. комплексныя: спалучаюць 2 і больш блізкія тэматычныя кірункі — гісторыю, археалогію, мастацтва, дойлідства (гл.Скансэн), краязнаўства, рэлігіязнаўства і інш.
Прататыпам стараж. М.з. былі спец. ўладкаваныя святыя месцы з культавым інвентаром і сакральнымі рэліквіямі. Вял.геагр. адкрыцці садзейнічалі пашырэнню этнагр. ведаў, збору і калекцыяніраванню экзатычных рэчаў з жыцця і побыту розных народаў. Пазней узніклі спец. ўстановы, якія сталі цэнтрамі па ахове, сістэматызацыі і экспанаванні этнагр. помнікаў. У 19 ст. значныя этнагр. калекцыі мелі Брытанскі музей у Лондане, музей Ашмола ў г. Оксфард (Вялікабрытанія), Лейдэнскі музей (Нідэрланды), музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Йорку і Чыкага (ЗША). Спецыялізаваныя М.э. або этнагр. аддзелы ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Сярод буйнейшых М.э. — Берлінскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гамбургскі (Германія), Стакгольмскі, Варшаўскі, Кракаўскі (Польшча), Музей нар. мастацтва і этнаграфіі ў Будапешце. Нац. музей нар. мастацтва і звычаяў у Парыжы, краязнаўча-этнагр. музеі ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія), Нац.этнагр. музеі ў Мюнхене (Германія), Вене, Сафіі, г. Марцін (Славакія), нац. музеі ў Празе, музеі пры Кембрыджскім (Вялікабрытанія) і Гарвардскім (ЗША) ун-тах. Сярод буйных комплексных музеяў, што спалучаюць этнаграфію, антрапалогію і археалогію, — Музей чалавека ў Парыжы і Нац. музей у Атаве (Канада). Старэйшы М.э. ў Расіі — Кунсткамера, засн. Пятром I у С.-Пецярбургу ў 1719, з 1879 Музей антрапалогіі і этнаграфіі пры Рас.АН. У 1895 адкрыты Рус. музей у Пецярбургу з раздзелам этнаграфіі Расіі і сумежных краін, у 1934 на яго базе створаны Дзярж. музей этнаграфіі народаў СССР, з 1991 Расійскі этнаграфічны музей. У 1885 адкрыты Гандл.-прамысл. музей саматужных вырабаў (з 1947 Музей народнага мастацтва ў Маскве).
На Беларусі першыя этнагр. калекцыі вядомы з Радзівілаўскіх і Сапегаўскіх збораў 16—17 ст. У 2-й пал. 18 ст. ў маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне Г.Сапегай-Ябланоўскай засн. Кабінет натуральнай гісторыі, дзе былі шырока прадстаўлены этнагр экспанаты: прадметы агр. дзейнасці, прылады працы, інструменты, посуд, вырабы з кары і дрэва. У 1787—1820 Кабінет натуральнай гісторыі існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Помнікі этнаграфіі былі шырока прадстаўлены ў «Кабінеце» М.Гаўсмана ў Мінску (вядомы з 1870-х г.), краязн. музеі А.Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага р-на, музеях Э.Чапскага ў в. Станькава Дзяржынскага р-на, К. і Я.Тышкевічаў у г. Лагойск Мінскай вобл., З.Глогера ў маёнтку Яжэва каля Беластока (Польшча), В.Федаровіча ў Віцебску (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). На базе збораў братоў Тышкевічаў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей (1856), які меў асобны аддзел этнаграфіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічалі царк.-археал. музеі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, фонды якіх складаліся і з этнагр. экспанатаў. Каштоўныя этнагр. экспанаты захоўваліся таксама ў Віцебскім і Полацкім «музеумах разных прадметаў лясной гаспадаркі» (засн. ў сярэдзіне 19 ст.), Магілёўскім музеі пры губ. стат. к-це (існаваў з 1867), музеі пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це Магілёўскай вобл. і інш. На аснове збораў І.Луцкевіча ў 1921—45 дзейнічаў Беларускі музей у Вільні, дзе шырока былі прадстаўлены вырабы нар. майстроў. У пач. 20 ст. ў Магілёве арганізаваны гіст.-этнагр. музей пры Т-ве вывучэння бел. краю (з 1913 Т-ва вывучэння Магілёўскай губ.). Найбольшыя этнагр. калекцыі ў даваенны перыяд зберагаліся ў Бел.дзярж. музеі ў Мінску, Гродзенскім гіст.-археал. музеі, Пінскім музеі і інш. Збіральніцтва этнагр. матэрыялаў у пасляваенны перыяд звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развіваліся этнагр. экспазіцыі. Найб. багата яны прадстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, філіялах Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1970—80-я г. створаны дзярж. і грамадскія музеі этнагр профілю. Найб. значныя з іх Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскай вобл., Клецкі гісторыка-этнагр. музей, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў, Мотальскі музей народнай творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Музей этнаграфіі ў Магілёве, Нараўлянскі этнагр. музей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.