кремль крэмль, род. крамля́ м.; (московский) Крэмль, род. Крамля́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

крэмль (род. крамля́) м. кремль

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КРЭМЛЬ,

цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.

Літ.:

Воробьев А.В. Астраханский Кремль. Волгоград, 1968;

Агафонов С.Л. Нижегородский Кремль: Архитектура, история, реставрация. Горький, 1976;

Кириков Б.М. Новгородский Кремль. Л., 1975;

Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М. 1976;

Ильенко И.В. Рязанский Кремль: Ист.-архит. музей-заповедник: [Фотоочерк]. М., 1978.

Крэмль у г. Тула.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЎСКІ КРЭМЛЬ,

архітэктурны ансамбль 17 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. (Расія). Узведзены ў 1670—83 на беразе воз. Нера, да 19 ст. наз. Архірэйскі дом. Уяўляе сабой комплекс культавых, жылых і гасп. пабудоў (гал. з іх пастаўлены вакол цэнтр. плошчы і злучаны арачнымі пераходамі), абкружаных масіўнымі сценамі з 5 вуглавымі, 4 уязнымі і 2 дазорнымі вежамі. Сярод найб. значных арх. помнікаў: цэрквы надбрамныя Уваскрэсення Хрыстова (1670; фрэскі 1675, маст. Д.​Грыгор’еў, Г.​Нікіцін) і Іаана Багаслова (1683), Спаса-Праабражэнская на Сенях (1675, фрэскі Дз.​Сцяпанава, І. і Ф. Карпавых), Адзігітрыі (1698); княжацкія церамы (16—17 ст.), палаты Белая (1672, пл. 300 м²), Красная (1672—80) і Іераршая (17 ст.).

Літ.:

Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М., 1976.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Растоўскі крэмль.

т. 13, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ, Пакроўскі сабор, што на Рове,

помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.

Літ.:

Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;

Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Васіля Блажэннага храм.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЛЬ МАСКО́ЎСКІ,

старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.

Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.​Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.

Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.​Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.​Т.​Казанец, С.​Г.​Разанец, І.​Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.​Канстанцінаў, Б.​Агурцоў, Л.​М.​Ушакоў, Т.​Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.​Іваноў, Х.​Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.​Ф.​Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.​А.​Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.​Абросімаў, Арсеній, С.​Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.​І.​Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.​Ф.​Хракаў, Л.​Б.​Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.​В.​Пасохін, А.​А.​Мндаянц, Я.​М.​Стама, П.​П.​Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.​Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.​І.​Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Древности Московского Кремля. М., 1971;

Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.

Крэмль Маскоўскі.
Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.
Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.

т. 8, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)