Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.
Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл.Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.
помнік архітэктуры 17 ст. Пабудаваны ў 1617 у в. Крамяніца-Дольная (цяпер в. Крамяніца) Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. віцебскім кашталянам М.Вольскім у стылі рэнесансу. У канцы 18 ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму. Мураваны аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем накрыты дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэйшы). Сцены ўмацаваны верт. контрфорсамі і прарэзаны аконнымі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Гал. фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі. У інтэр’еры скульпт. мармуровае надмагілле фундатараў касцёла ў стылі рэнесансу і разны алтар 1-й пал. 17 ст. У нішы 2 гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая ў рыцарскім адзенні, яго жонкі Барбары ў манаскім уборы) адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Арх. аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі. Каля касцёла званіца 2-й пал. 18 ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус Крамяніцкага кляштара канонікаў латэранскіх.
А.К.Лявонава, А.А.Ярашэвіч.
Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.Надмагілле Вольскіх у Крамяніца-Дольнаўскім Георгіеўскім касцёле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКІ РАЁН,
на Пд Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 27 тыс.чал. (1997), гарадскога 31,8%. Сярэдняя шчыльнасць 30,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Зэльва, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Галынкаўскі, Дабрасельскі, Дзярэчынскі, Зэльвенскі, Каралінскі, Крамяніцкі, Славаціцкі, Сынковіцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі.
Раён размешчаны на Ваўкавыскім і Слонімскім узв., якія падзелены далінай р. Зальвянка; на Пн — Нёманская нізіна. Паверхня ўзгорыста-платопадобная. Пераважаюць выш. 150—200 м, 25% тэр. вышэй за 200 мНайвыш. пункт 239 м (каля в. Мадзейкі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, ганчарныя і цэм. гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 536 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Рэкі: Зальвянка, Шчара з прытокамі Луконіца, Бяроза. Зэльвенскае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (64%), тарфяна-балотныя (12,5%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 16,1% тэр., з іх 35% — штучныя насаджэнні. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя, трапляюцца дубовыя і грабавыя. У даліне р. Зальвянка пашыраны заліўныя лугі. Балоты займаюць 1,9%. Рэспубліканскі біял. заказнік Медухава, паляўнічы заказнік Старасельскі. Помнікі прыроды: вярховыя балоты Вішнеўка і Карэвін луг; камень-валун (3,45×2, 45×1,7 м); дуб-трайнік (дыяметр ствала 118 см); дуб (дыяметр 201 см); сасна (дыяметр 115 см).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 63,3 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 15 калгасаў, пчолапрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён-даўгунец, кармавыя культуры. Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў (асфальт, цэгла) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гродна—Баранавічы і аўтадарогі Ваўкавыск—Слонім, Слонім—Масты. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач. школ, спарт. школа, 2 навучальна-вытв. камбінаты, санаторная школа-інтэрнат (базавая), 21 дашкольная ўстанова, 46 клубаў, 42 б-кі, 3 бальніцы, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў, раённая паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом канца 19 ст. ў в. Аляксандраўшчына; царква Яна 2-й пал. 19 ст. ў в. Вострава; Спаса-Праабражэнская царква сярэдзіны 19 ст. і касцёл Ушэсця пач. 20 ст. ў в. Дзярэчын; Юр’еўскі касцёл (1617) у в. Крамяніца; Міхайлаўскі касцёл (1782) у в. Луконіца; Благавешчанскі касцёл (1912) у в. Міжэрычы; царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Славацічы; вадзяны млын канца 19 ст. ў в. Старая Галынка; царква-крэпасць 15—16 ст. у в. Сынковічы. Выдаецца газ. «Праца».