КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НДСКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж а-вамі Суматра і Ява. Злучае Яванскае м. з Індыйскім ак. Даўж. 130 км, найменшая шыр. 26 км, найменшая глыб. на фарватэры 28 м. У З.п. размешчаны вулкан Кракатаў.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬДЭ́РА (ісп. caldera літар. вял. кацёл),

круглая ці авальная ўпадзіна на вяршыні вулкана са стромкімі, часта ступеньчатымі схіламі. У дыям. дасягае 10—20 км, глыб. да соцень метраў. Адрозніваюць К. абрушвання, якія ўтвараюцца пры асяданні вяршыні вулкана ў выніку выкідаў з яго матэрыялу пры вывяржэннях (напр., К. вулкана Маўна-Лоа на Гаваях), і выбухныя, якія ўзнікаюць пры магутных выбухах газаў у жарале вулкана (К. вулкана Кракатаў у Інданезіі).

т. 7, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

найбуйнейшая група астравоў на Зямлі паміж Азіяй і Аўстраліяй. На М.а. тэр. Інданезіі, Малайзіі, Філіпін, Брунея, Усх. Тымора. Каля 10 тыс. астравоў, агульнай пл. больш за 2 млн. км². Уключае Вялікія Зондскія астравы, Малыя Зондскія астравы, Філіпінскія астравы, Малукскія астравы і інш. Найб. а-вы Калімантан, Суматра, Сулавесі, Ява. Пераважаюць сярэдневышынныя і нізкія горы выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Ёсць узгорыстыя раўніны і нізіны, складзеныя з алювіяльных і марскіх адкладаў. Горы познакайназойскай і сучаснай складкавасці. Складзены пераважна з неагенавых абломкавых тоўшчаў, прарваных гранітнымі інтрузіямі (на в-ве Калімантан — з палеазойскіх парод). Каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. вядомы вулкан Кракатаў). Радовішчы волава, нафты, газу, баксітаў, медных, нікелевых, жал., марганцавых руд і інш. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. На раўнінах т-ры на працягу года 23—26 °C, ападкаў 2000—4000 мм; у гарах т-ры 15—17 °C, ападкаў больш за 5000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. 65% тэрыторыі ўкрыта вільготнымі трапічнымі лясамі, якія з’яўляюцца найстараж. лясной фармацыяй Зямлі. Характэрны высокі эндэмізм і велізарная відавая разнастайнасць флоры і фауны. У субэкватарыяльным поясе ўчасткі саваннаў. У гарах вышынная пояснасць. Трапічнае земляробства: на схілах узгоркаў вырошчваюць рыс, батат, земляны арэх, кукурузу; на нізінах — плантацыі гевеі, хіннага, кававага, гваздзіковага, кардамонавага дрэў і інш. Рыбалоўства.

М.В.Лаўрыновіч.

Герб і сцяг Малайзіі.
Да арт. Малайзія. Ансамбль урадавых будынкаў у г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія Музей культуры г. Малака.
Да арт. Малайзія Музей культуры г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія. Панарама г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія. Будынак парламента ў г. Куала-Лумпур.

т. 10, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)