Корф М. 8/301

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Вільні.

Існаваў у 1916—20 пад старшынствам І.​Луцкевіча. У клубе наладжваліся бел. вечарынкі (1-я 17.9.1916) са спектаклямі, дэкламацыяй, музыкай, танцамі. Спектаклі ставіла Беларуская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. Паказаны п’есы Аляхновіча «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «На Антокалі», «Базілішак», а таксама «Антось Лата» Я.​Коласа, «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» А.​Чэхава. Ладзілі ў клубе і вечары для дзяцей. Драм. гурток т-ва «Золак» бел. дзіцячага прытулку паставіў невял. п’есу са спевамі «Перахітрылі» С.​Корф, 25.12.1917 паказаў батлейку. Месціўся клуб у розных памяшканнях горада.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗІЦЯ́ЧЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1916—18 у Вільні. Створаны з дзяцей бел. школ-прытулкаў Вільні, якія знаходзіліся пад апекай Бел. к-та дапамогі пацярпелым ад 1-й сусв. вайны. Арганізатар і кіраўнік — С.​Корф. Яна ж была аўтарам большасці пастаўленых т-рам п’ес, містэрый, інсцэніровак, кампазіцый паводле батлеечных тэкстаў, нар. легендаў, казак, даўніх абрадаў. У склад калектыву т-ра ўваходзілі дзіцячы хор (кіраўнік Е.​Міровіч), танц. група і дэкламатары. Спектаклі ўключалі музыку, драму, танцы, спевы і гэтак далей, грунтаваліся на традыцыях фальклору. На Каляды ладзілася жывая батлейка. Паказы т-ра адбываліся ў Беларускім клубе і пажарным клубе, містэрыі ў стылі батлеі — часам у касцёле св. Яна, асобныя спектаклі наладжваліся пад адкрытым небам (напр., Ф.​Аляхновіч сваю п’есу «У лясным гушчары» паставіў на паляне каля в. Чорны Бор, недалёка ад Вільні).

З.​С.​Пазняк.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,

праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.​І.​Гучкоў, П.​Л.​Корф, М.​У.​Радзянка, Дз.​М.​Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс. чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.

На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Камчацкай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Каракская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 301,5 тыс. км². Нас. 33 тыс. чал., гарадскога каля 40% (1997). Цэнтр — г.п. Палана. Гар. пасёлкі: Ільпырскі, Корф, Асора, Пахачы. Займае Пн п-ва Камчатка, прылеглую ч. мацерыка і в-аў Карагінскі; абмываецца Ахоцкім і Берынгавым морамі. (гл. карту да арт. Камчацкая вобласць).

Прырода. На тэр. К.а.а. пераважае горны рэльеф. На мацерыковай ч. Каракскае (выш. да 2562 м, г. Ледзяная) і Калымскае нагор’і, Пенжынскі, Ічыгемскі хрыбты, на паўвостраве Сярэдзінны хр. Нізіны Пенжынская і Парапольскі дол забалочаныя, шмат дробных азёр. Марскія ўзбярэжжы ў асноўным нізінныя. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, сера, ртуць, буд. матэрыялы. Клімат субарктычны. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C да -26 °C, ліп. 10—14 °C. Гадавая колькасць ападкаў 300—700 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі — Пенжына, Тыгіль, Вывенка, Пахача, Апука. Пераважаюць тундравыя і тарфяна-балотныя глебы. Расліннасць тундравая, у вярхоўях р. Пенжына лістоўніца, на зах. узбярэжжы каменная бяроза.

Гаспадарка. Асн. галіны — рыбная прам-сць, аленегадоўля. Здабыча бурага вугалю (45 тыс. т, 1996, Корфскае радовішча). Пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка). Малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Транспарт марскі і авіяцыйны. Суднаходства на р. Пенжына.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К (РАН),

вышэйшая навук. самакіравальная ўстанова Рас. Федэрацыі. Засн. ў пач. 1724 (адкрыта ў канцы 1725). Да мая 1917 наз. Пецярбургская АН, да 1925 — Рас. АН, да 1991 — АН СССР. У 1725 налічвала 17 правадз. чл., у 1917 мела 49 правадз. чл. і аб’ядноўвала каля 30 навук. падраздзяленняў (109 навук. супрацоўнікаў). Прэзідыум у Маскве (з 1934). Аспірантура з 1929. Філіялы і н.-д. базы з 1930-х г. У 1991 рэарганізавана, у яе ўвайшлі члены былой АН СССР і зноў выбраныя. У 1994 больш за 440 правадз. чл., звыш 600 чл.-кар., больш за 120 замежных членаў. Аб’ядноўвае 18 аддзяленняў па галінах і кірунках навук; матэматыкі; агульнай фізікі і астраноміі; ядз. фізікі; фіз.-тэхн. праблем энергетыкі; выліч. тэхнікі і аўтаматызацыі; праблем машыназнаўства, механікі і працэсаў кіравання; агульнай і тэхн. хіміі; фізіка-хіміі і тэхналогіі неарган. матэрыялаў; біяхіміі, біяфізікі і хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў; фізіялогіі; агульнай біялогіі; геалогіі, геафізікі і геахіміі і горных навук; акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі; гісторыі; філасофіі і права; эканомікі; сусв. эканомікі і міжнар. адносін; л-ры і мовы; рэгіянальныя аддзяленні — Сібірскае (з 1957, прэзідыум у г. Новасібірск), Уральскае (з 1987, прэзідыум у г. Екацярынбург), Далёкаўсходняе (з 1987, прэзідыум у г. Уладзівасток) і навук. цэнтры. Усяго каля 300 навук. устаноў (каля 60 тыс. навук. супрацоўнікаў), больш за 200 навук. саветаў. Мае н.-д. флот. Рыхтуе навук. кадры. Публікуе навук. л-ру. Прысуджае медалі і прэміі за навук. працы. Падтрымлівае міжнар. навук. сувязі, у т. л. з Нац. АН Беларусі. Прэзідэнты РАН (у 1741—46, 1810—18 і ў 1916—17 не было); Л.​Л.​Блюментрост (1725—33), Г.​К.​Кейзерлінг (1733), І.​А.​Корф (1734—40), К. фон Брэверн (1740—41), К.​Р.​Разумоўскі (гл. Разумоўскія; 1746—98), А.​Л.​Нікалаі (1798—1803), М.​М.​Навасільцаў (1803—10), С.​С.​Увараў (1818—55), Дз.​М.​Блудаў (1855—64), Ф.П.Літке (1864—82), Дз.​А.​Талстой (1882—89), вял. кн. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў; 1889—1915), А.П.Карпінскі (1917—36), У.Л.Камароў (1936—45), С.Л.Вавілаў (1945—51), А.М.Несмяянаў (1951—61), М.У.Келдыш (1961—75), А.П.Аляксандраў (1975—86), Г.І.Марчук (1986—91), Ю.​С.​Осіпаў (з 1991).

Літ.:

Российская Академия наук: Персональный состав. Кн 1—3. М., 1999;

Уставы Российской академии наук, 1724—1999. М., 1999.

У.​Я.​Калаткоў.

Будынак Прэзідыума Расійскай акадэміі навук у Маскве.

т. 13, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)