ко́пцкі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. ко́пцкі ко́пцкая ко́пцкае ко́пцкія
Р. ко́пцкага ко́пцкай
ко́пцкае
ко́пцкага ко́пцкіх
Д. ко́пцкаму ко́пцкай ко́пцкаму ко́пцкім
В. ко́пцкі (неадуш.)
ко́пцкага (адуш.)
ко́пцкую ко́пцкае ко́пцкія (неадуш.)
ко́пцкіх (адуш.)
Т. ко́пцкім ко́пцкай
ко́пцкаю
ко́пцкім ко́пцкімі
М. ко́пцкім ко́пцкай ко́пцкім ко́пцкіх

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ко́птский ко́пцкі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,

літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч. літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.

Літ.:

Гл. да арт. Копцкая мова.

Да арт. Копцкае пісьмо. Копцкі алфавіт.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІПТАЛО́ГІЯ,

комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.​Ф.​Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.​Раселіні) і ў 1842—45 (К.​Р.​Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.​Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.​Масперо, Ф.​Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.​Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.​Дрыятон, Ж.​Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.​Марэ, Э.​Ф.​Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.​Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.​Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.​Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.​Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст. егіп. палеаграфію даследаваў Г.​Мёлер, рэліг. тэксты — К.​Зетэ і С.​Шот, інш. літ. помнікі — Г.​Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.​Маер, А.​Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.​Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.​Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.​Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.​Крам, 1939). Намаганнямі Дж.​Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.​С.​Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.​А.​Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.​В.​Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.​І.​Аўдзіеў, І.​М.​Лур’е, Ю.​Я.​Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар. к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).

Літ.:

Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.

У.​С.​Кошалеў, Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАІ́Р,

горад, сталіца Егіпта. Знаходзіцца на правым беразе і астравах Ніла, на Пд ад дэльты. 9690 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі сканцэнтравана каля ​1/4 прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: металургічная, металаапр., маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, цэм., папяровая, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Маст. рамёствы (вырабы з металу, скуры, дрэва, керамічныя і інш.). Метрапалітэн. Акадэмія. Ін-т Егіпта, ун-ты Каірскі, аль-Азхар, Айн-Шамс і інш. Тэатры.

Засн. Фатымідамі ў 969, у 973—1171 сталіца Фатымідаў халіфата. Пры Айюбідах (1171—1250) і мамлюках (1250—1517) буйны рэліг.-паліт., гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1517 захоплены і зруйнаваны туркамі-асманамі. У 1798—1801 акупіраваны франц. войскамі. Цэнтр нац.-вызв. руху (паўстанні 1798, 1800 супраць французаў, 1795, 1804—05 супраць мамлюкаў і туркаў). У 1882 акупіраваны брыт. войскамі, адм. ц. брыт. пратэктарата (1914—22). З 1922 сталіца Каралеўства Егіпет, з 1953 — Егіп. Рэспублікі, з 1958 — Аб’яднанай Араб. Рэспублікі, з 1971 — Араб. Рэспублікі Егіпет. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Каірскай канферэнцыі 1943.

Сярод пабудоў рым. часу (канец 1 ст. да н.э.) — вежа ў крэпасці Вавілон (арх. Апаладор), візантыйскага (4—7 ст.) — копцкія цэрквы св. Сергія і Вакха, Божай Маці і св. Варвары (у той жа крэпасці), раннеарабскія — мячэці Амра ібн аль-Аса (641-42, перабудавана ў 9 ст.) у Фустаце, Ібн Тулуна (876—79), ніламер (715; 3-ярусны каменны калодзеж з 8-граннай калонай у цэнтры) на в-ве Рода. На тэр. Стараж. горада з вузкімі вуліцамі з глінабітнымі і каменнымі 2—4-павярховымі дамамі 16—18 ст. захавалася больш за 400 помнікаў архітэктуры: рэшткі каменных гар. сцен з умацаванымі варотамі (11 ст.), мячэці аль-Азхар (970—72, неаднаразова перабудавана), аль-Хакіма (990—1012), маўзалеі Саб’а Банат («Сем дачок», 11 ст.), Ум Кульсум (1122), жылыя дамы 10—11 ст., цытадэль Салах-ад-дзіна (1176—93, 1315 ст.), рынак Хан аль-Халіль (засн. ў канцы 13 ст.) з майстэрнямі рамеснікаў, комплекс султана Калауна (1284—85, са шпіталем), комплекс мячэці-медрэсэ султана Хасана (1356—63), маўзалеі мамлюкаў 15 — пач. 16 ст., мячэці Сінан-пашы (1571), Мухамеда Алі (1830—48, арх. Ю.​Бохна), султана ар-Рыфаі (1869) і інш. Новы горад з прамымі шырокімі вуліцамі, плошчамі і набярэжнымі ўздоўж Ніла забудаваны шматпавярховымі будынкамі: ансамбль будынкаў Егіпецкага музея, атэля «Ніл-Хілтан» (абодва 1959, арх. В.​Бекет, М.​Рыяд), Лігі араб. дзяржаў (1967, арх. Рыяд, міжнар. аэрапорт (1962, арх. С.​Зайтун і інш.), гранітная набярэжная з будынкам тэлецэнтра (1967, арх. Дж.​Момін). Перад ун-там (1-я пал. 20 ст.) — манумент «Абуджэнне Егіпта» (1919—28, арх. М.​Мухтар). Музеі: Егіпецкі нацыянальны музей, Копцкі, Ісламскага мастацтва і інш.

Літ.:

Ходжаш С.И. Каир. 2 изд. М., 1975.

Да арт. Каір. Мячэць султана ар-Рыфаі. 1869.
Да арт. Каір. М.​Сабры. Раён Каіра. Пастэль.
Каір у пач. 19 ст.
Да арт. Каір. Порцік мячэці Мухамеда-Алі. Арх. Ю.​Бохна. 1830—48.
Царква святога Георгія ў Каіры.

т. 7, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)