КЛЫ́КАЎ (Мікалай Пракопавіч) (21.3.1861, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 26.10.1944),
расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў мсцёрскай мініяцюры. Вучыўся ў бацькі-іканапісца. Выкладаў у Троіца-Сергіевай лаўры, у Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы. Да 1917 працаваў як іканапісец, пазней рабіў мініяцюры на паверхні лакавых вырабаў з пап’е-машэ. Творы адметныя займальнасцю сял. сцэн, арганічна звязаных з пейзажам, зеленавата-бірузовай (пазней цёпла-вохрыстай) каларыстычнай гамай, жывапіснай мяккасцю і плаўнай размеранасцю рытмаў, некаторай лубачнасцю ў выяўленні фігур людзей: «Навальніца», «Паляванне» (абодва 1934), «Дуброўскі» (1937), «Малацьба» (1944) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл.Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.