Клецкая З. М. 8/367

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі ў Мінскай вобл. Мяжуе з Капыльскай градой на Пн, Баранавіцкай раўнінай на З, Прыпяцкім Палессем на Пд, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на У. Выш. 160—200 м, найб. 228 м (на З раўніны).

Фарміраванне К.р. звязана з эразійна-акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага ледавіка і яго расталых водаў. У будове раўніны ўдзельнічаюць марэнныя валунныя супескі і суглінкі, перакрытыя маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Паверхня плоска- і спадзістахвалістая з асобнымі дэнудаванымі марэннымі ўзгоркамі, схілы якіх спадзістыя (стромкасць 5—7°), вяршыні выпуклыя. Ваганні адносных вышынь 5—7 м, радзей да 10 м. Пласкадонныя лагчыны, часта з забалочанымі і затарфаванымі днішчамі (шыр. да 1 км, трапляюцца праз 1,5—2 км) расчляняюць паверхню. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя супясчаныя, у далінах рэк Лань і Морач алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі лясоў: хваёвыя, шыракаліста-яловыя, дубровы.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ Існавала ў Клецку ў 1924—31. Утрымлівалася на дабрачынныя ахвяраванні і плату за навучанне (маламаёмныя сял. дзеці вызваляліся ад платы). Дырэктар Р.​У.​Якубёнак. Прымаліся вучні, якія скончылі 4 кл. нар. вучылішча. Выпускныя экзамены навучэнцы здавалі ў Віленскай або Навагрудскай гімназіях. У 1924/25 навуч. г. ў К.б.г. займалася 58 навучэнцаў у 1—4-м кл. і 20 у падрыхтоўчым, у асн. дзеці местачкоўцаў, сялян з навакольных вёсак Клеччыны і Стаўбцоўскага павета; у 1930/31—160 навучэнцаў у 1—8-м кл. з усёй Зах. Беларусі. За час існавання гімназія выпусціла 3 патокі абітурыентаў, каля 20 атрымалі сярэднюю адукацыю. У жн. 1931 польская дэфензіва выкрыла падп. дзейнасць навучэнцаў гімназіі, правяла арышты і гімназія была закрыта.

В.​М.​Сокал, Д.​М.​Чорны.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1506.

Адбылася 5 жн. на р. Лань каля Клецка паміж войскам ВКЛ на чале з М.Л.Глінскім і войскам крымскіх татар, якое ўзначальвалі Беці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя. 6—7-тысячнае войска ВКЛ некалькі гадзін вяло перастрэлку з 12—13 тыс. татар. За гэты час былі падрыхтаваны 2 гаці, па якіх коннікі ВКЛ пачалі пераправу. Татары атакавалі правае крыло, што першым перайшло цераз Лань, і нанеслі яму вял. страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на 2 часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкр. шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней. К.б. — першая вял. перамога ВКЛ над крымскімі татарамі.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кле́цкі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. кле́цкі кле́цкая кле́цкае кле́цкія
Р. кле́цкага кле́цкай
кле́цкае
кле́цкага кле́цкіх
Д. кле́цкаму кле́цкай кле́цкаму кле́цкім
В. кле́цкі (неадуш.)
кле́цкага (адуш.)
кле́цкую кле́цкае кле́цкія (неадуш.)
кле́цкіх (адуш.)
Т. кле́цкім кле́цкай
кле́цкаю
кле́цкім кле́цкімі
М. кле́цкім кле́цкай кле́цкім кле́цкіх

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

капы́льска-кле́цкі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. капы́льска-кле́цкі капы́льска-кле́цкая капы́льска-кле́цкае капы́льска-кле́цкія
Р. капы́льска-кле́цкага капы́льска-кле́цкай
капы́льска-кле́цкае
капы́льска-кле́цкага капы́льска-кле́цкіх
Д. капы́льска-кле́цкаму капы́льска-кле́цкай капы́льска-кле́цкаму капы́льска-кле́цкім
В. капы́льска-кле́цкі (неадуш.)
капы́льска-кле́цкага (адуш.)
капы́льска-кле́цкую капы́льска-кле́цкае капы́льска-кле́цкія (неадуш.)
капы́льска-кле́цкіх (адуш.)
Т. капы́льска-кле́цкім капы́льска-кле́цкай
капы́льска-кле́цкаю
капы́льска-кле́цкім капы́льска-кле́цкімі
М. капы́льска-кле́цкім капы́льска-кле́цкай капы́льска-кле́цкім капы́льска-кле́цкіх

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МЕНГЛІ́-ГІРЭ́Й, Менглы-Герай (?—1515),

крымскі хан [1468—1515]. З дынастыі Гірэяў, сын Хаджы-Гірэя, заснавальніка Крымскага ханства. Пры М.-Г. адбылося канчатковае аддзяленне ханства ад Залатой Арды. З 1473 у саюзе з Маскоўскай дзяржавай супраць ВКЛ і Польшчы, ажыццявіў шэраг набегаў на іх тэрыторыю (гл. Клецкая бітва 1506). У 1475 прызнаў васальную залежнасць ад Турцыі. Вёў войны з Залатой Ардой, у 1502 нанёс ёй канчатковае паражэнне. Рэарганізаваў дзярж. апарат, у 1502—03 перанёс сталіцу ханства з Салхата (Стары Крым) у Бахчысарай. З 1512 саюзнік ВКЛ і Польшчы.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),

1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.

2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЦК,

горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс. ж. (1998).

З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст. горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.​Глінскім (гл. Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.

Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).

Горад Клецк. Плошча Маякоўскага.

т. 8, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,

татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г. Бахчысарайпач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл. Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.

Літ.:

Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;

Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;

Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)