Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ КЛАПЫ́ (Eurydema),
род насякомых сям. шчытнікаў атр. паўцвердакрылых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. трапляюцца К.к. гарчычны (E. ornata), капусны (E. ventralis) і рапсавы (E. oleracea). Шкоднікі культ. крыжакветных раслін, у асн. капусты.
Даўж. да 10 мм. Афарбоўка яркая, стракатая: белыя, жоўтыя або чырв. плямы і палосы на чорным, сінім ці зялёным фоне; трапляецца сезонная змена афарбоўкі. Ротавыя органы сысучыя. Кормяцца сокамі раслін. 1—4 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я КЛАПЫ́,
група сямействаў атр. паўцвердакрылых. Найб. вядомыя сям.весляроў, гладышоў, беластаматыдаў (Belostomatidae), вадзяных скарпіёнаў (Nepidae), клапоў-прыбярэжнікаў (Saldidae), плаўтаў (Naucoridae), сапраўдных вадамерак (Gerridae). Больш за 1600 відаў. Пераважна цеплалюбівыя. На Беларусі больш за 30 відаў. Трапляюцца ў вадаёмах і на вільготных берагах, найб. вядомыя вадзяны скарпіён, звычайны гладыш, вясляр, ранатра, вадамерка і інш.
Даўж. 2—120 мм. Многія добра плаваюць і лётаюць. Дыхаюць у асноўным атм. паветрам. Яйцы адкладаюць на водныя расліны або ў іх тканкі. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб. Вясляр дыдымус (Agabus didymus) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЦЕ́ЛЬНЫЯ КЛАПЫ́ (Cimicidae),
сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 40 відаў. Пашыраны ўсюды. Крывасмокі; паразітуюць на пазваночных жывёлах (галубы, куры, лятучыя мышы і інш.), некат. віды — у чалавека. Актыўныя пераважна ўначы. Найб. вядомыя на Беларусі — П.к. звычайны (Cimex lectularius) і клоп ластаўчын (Oeciacus hirundi).
Цела акруглае ці авальнае, моцна сплюшчанае. Надкрылы ўкарочаныя. Даўж. П.к. звычайнага: самцоў — да 6,5 мм, самак — да 8,4 мм. Мае добры нюх. Характэрны ўласны рэзкі, непрыемны пах. Здольны хутка перамяшчацца (да 1 м за 1 мін). Ротавы апарат колюча-сысучы. Працінае хабатком скуру і ўпускае ў ранку сліну, якая перашкаджае згушчэнню крыві. Укусы выклікаюць сверб, раздражненне скуры. Вытрымлівае галаданне да некалькіх месяцаў. Развіццё з няпоўным ператварэннем; лічынка праходзіць 5 стадый (узростаў); для чарговай лінькі лічынка павінна насмактацца крыві.