Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІЯ ЯРЫ́,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.
Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т. л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т. л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.