кладо́нія

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. кладо́нія кладо́ніі
Р. кладо́ніі кладо́ній
Д. кладо́ніі кладо́ніям
В. кладо́нію кладо́ніі
Т. кладо́ніяй
кладо́ніяю
кладо́ніямі
М. кладо́ніі кладо́ніях

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Кладонія (род лішайнікаў) 1/243; 6/112—113 (укл.), 415

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАДО́НІЯ (Cladonia),

род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. Больш за 400 відаў. Пашыраны па ўсіх раслінна-кліматычных зонах. На Беларусі 48 відаў. Найб. вядомыя: К. бясформенная (C. deformis), зграбная (C. gracilis), карыёзная (C. cariosa), махрыстая (C. fimbriata) і інш. У Чырв. кнігу занесена К. дзірваністая. Трапляецца на пясчанай і багатай гумусам глебе, на гнілой драўніне. У хваёвых лясах утварае суцэльнае покрыва.

Першасная слаявіна гарыз., з ліставатых лускавінак, часам накіпная, доўга захоўваецца або хутка знікае; другасная — верт. вырасты (падэцыі): цыліндрычныя, простыя ці галінастыя, часам кубкападобныя. Рознакаляровыя апатэцыі ўтвараюцца на верхавінках падэцыяў. Сумкі цыліндрычныя, з 8 спорамі. Споры бясколерныя, пераважна аднаклетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Лек. і кармавыя расліны, індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.

Н.​М.​Кобзар.

Адзін з відаў Кладоніі.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кладо́нія

(н.-лац. cladonia)

кусцісты сумчаты лішайнік сям. кладоніевых, які расце на пясчанай глебе ў лясах, на пнях, гнілой драўніне, купінах балот.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЕ́НЕВЫ МОХ, ягель,

група лішайнікаў з родаў кладонія, кладзіна; асн. кармавая расліна паўн. аленяў.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладоніяасн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арэналіхе́ны

(ад лац. arena = пясок + гр. leichen = лішайнік)

лішайнікі, якія пасяляюцца пераважна на беднай пясчанай глебе; прадстаўлены родамі карнікулярыя, кладзіна, кладонія, стэрэакаўлан, цэтрарыя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)