КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.​А.​Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял. Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс. чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКА-ФЕАДАСІ́ЙСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1941—42,

дэсантная аперацыя войск Закаўказскага, з 30.12.1941 Каўк. фронту (камандуючы ген.-лейт. Дз.​Ц.​Казлоў, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва аперацыяй), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) супраць ням.-фаш. і рум. войск у Вял. Айч. вайну. Праведзена 25.12.1941—2.1.1942 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам і стварэння ўмоў для поўнага вызвалення Крыма. Удзельнічалі 44-я і 51-я арміі (6 стралк. дывізій, 2 стралк. брыгады, 2 горнастралк. палкі — усяго каля 42 тыс. чал.), 500 самалётаў франтавой авіяцыі, больш за 250 караблёў і суднаў. 26 снеж. пачалася высадка дэсантаў на ўсх. узбярэжжы Керчанскага п-ва, 29 снеж. — у раёне г. Феадосія. 29 снеж. вызвалена Феадосія, 30 снеж. Керч, да 2.1.1942 — увесь Керчанскі п-ваў. К.-ф.а. адцягнула значную колькасць ням.-фаш. войск ад Севастопаля, але далейшага развіцця не атрымала.

Літ.:

Зубков А.И. Керченско-Феодосийская десантная операция. М., 1974;

Кошелев С.П. Страница Феодосийского десанта: Зап. воен. корреспондента. 2 изд. М., 1981.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на У — Керчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс. км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 м г. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял. Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖЫ (Мікалай Кір’янавіч) (6.12.1896, г. Віцебск — 22.10.1972),

генерал-палкоўнік артылерыі (1958). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1923), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Забайкальскім франтах; нач. артылерыі корпуса, арміі, нач. артылерыі — нам. камандуючага войскамі фронту. Удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Керчанска-Феадасійскай дэсантнай аперацыі, вайны з Японіяй 1945. У 1945—65 камандуючы артылерыяй ваен. акруг.

М.К.Рыжы.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

сумесныя наступальныя дзеянні войск 4-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі Ф.І.Талбухін), Асобнай Прыморскай арміі (ген. арміі А.І.Яроменка), Чарнаморскага флоту (ЧФ; адм. П.​С.​Акцябрскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) па вызваленні Крымскага п-ва ад ням.-фаш. і рум. войск 8.4—12.5.1944 у Вял. Айч. вайну. У выніку Мелітопальскай аперацыі і Керчанска-Эльтыгенскай аперацыі 1943 сав. войскі прарвалі ўмацаванні праціўніка на Перакопскім перашыйку, занялі плацдармы на паўд. беразе Сіваша і на Керчанскім п-ве, блакіравалі размешчаную ў Крыме 17-ю ням. армію (5 ням. і 7 рум. дывізій; усяго каля 200 тыс. чал., каля 3,6 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 200 танкаў і штурмавых гармат, 150 самалётаў). Сав. войскі налічвалі 30 стралк. дывізій, 2 брыгады марской пяхоты і інш. (усяго каля 400 тыс. чал., каля 6 тыс. гармат і мінамётаў, 559 танкаў і самаходных артыл. установак, 1250 самалётаў). 8 крас. войскі 4-га Укр. фронту пры падтрымцы 8-й паветр. арміі і ЧФ прарвалі абарону праціўніка на Перакопе, Сівашы, Ішунскіх пазіцыях і выйшлі да Севастопаля. У ноч на 11 крас. з Керчанскага п-ва пачала наступаць Асобная Прыморская армія пры падтрымцы 4-й паветр. арміі і ЧФ. У выніку штурму 5—9 мая вызвалены Севастопаль. 12 мая капітулявалі рэшткі варожай групоўкі на мысе Херсанес. Дапамогу сав. войскам аказалі і крымскія партызаны.

Літ.:

Грылев А.Н. Днепр—Карпаты—Крым: Освобождение Правобережной Украины и Крыма в 1944 г. М., 1970.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1941—42,

250-дзённая (з 30.10.1941 да 4.7.1942) абарона горада і галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Вял. Айч. вайну. У кастр. 1941 войскі 11-й ням. арміі (камандуючы ген.-фельдмаршал Э. фон Манштэйн) і рум. корпуса прарваліся ў Крым. Сав. войскі адышлі да Керчанскага п-ва, а частка сіл — да Севастопаля. 4.11.1941 з часцей Севастопальскага гарнізона, караблёў і авіяцыі Чарнаморскага флоту, а таксама часцей Асобнай Прыморскай арміі (ген.-маёр І.Я.Пятроў) створаны Севастопальскі абарончы раён (САР) на чале з камандуючым флотам віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскім. Ням.-фаш. камандаванне ажыццявіла 3 буйныя наступленні на горад. Першыя два (11—21 ліст. і 17—31 снеж. 1941) штурмы севастопальцы адбілі і прымусілі ворага перайсці да абароны. Поспеху абаронцаў садзейнічалі падмацаванне, перакінутае з Каўказа, і Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя 1941—42 сав. войск, што прымусіла праціўніка аслабіць націск на Севастопаль. Перад апошнім штурмам (пачаўся 7.6.1942) у складзе САР налічвалася 106 тыс. чал., 600 гармат і мінамётаў, 38 танкаў, 100 самалётаў, лінейны карабель, крэйсеры, эсмінцы і інш. Ням. камандаванне сканцэнтравала пад Севастопалем амаль усю 11-ю армію (каля 204 тыс. чл., 450 танкаў, больш за 2000 гармат і мінамётаў, 1060 самалётаў). Цаной вял. страт 18 чэрв. ням. і рум. войскі прарваліся да Паўн. бухты, Інкермана, Сапун-гары, а 30 чэрв. ўварваліся ў горад. Невялікія групы абаронцаў разрознена адышлі да бухтаў і на мыс Херсанес. 4.7.1942 паводле загаду Стаўкі адбылася эвакуацыя часткі абаронцаў, некат. спрабавалі прарвацца ў горы да партызан. У баях за Севастопаль праціўнік страціў каля 300 тыс. чал. забітымі і параненымі. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Героі Сав. Саюза лётчыкі М.В.Аўдзееў, Дз.​М.​Мінчугоў, У.А.Наржымскі, У.А.Скугар, маракі ВМФ Г.М.Халасцякоў, І.К.Хурс, А.​Р.​Азаронак, П.​Ц.​Бандарэнка, С.​С.​Варкоў, О.​С.​Жукоўскі, прадстаўнікі сухап. войск Я.В.Леашэня, А.​Ж.​Юхімчук, марскія пехацінцы Г.​Н.​Вішнеўскі, М.А.Савіцкі. У гонар гераічнай абароны 22.12.1942 устаноўлены медаль «За абарону Севастопаля» (узнагароджана больш за 45 тыс. чал.). У 1945 Севастопалю нададзена ганаровае найменне «Горад-герой».

Літ.:

Героическая оборона Севастополя, 1941—1942. М., 1969;

Крылов Н.И. Огненный бастион. М., 1973;

Огненные дни Севастополя. 2 изд. Симферополь, 1982;

Борисов Б.А. Подвиг Севастополя. 3 изд. Симферополь, 1977;

Долготович Б.Д. Твои сыновья, Беларусь. Мн., 2000.

Г.​Дз.​Бабусенка, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1941—42. Абарона Севастопаля. Мастак А.​Дайнека. 1942.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)