КЕ́РАЛА,
штат на ПдЗ Індыі, на ўзбярэжжы Аравійскага мора. Пл. 39 тыс. км². Нас. 29,1 млн. чал. (1993), пераважна народ малаялі. Адм. ц. — г. Трывандрам. Большую ч. штата займае нізінны Малабарскі бераг. На У — схілы гор Кардамонавых і Анаймуды. Клімат трапічны мусонны. Вільготны сезон з крас. да лістапада, ападкаў да 3 тыс. мм за год. К. — аграрны штат. Гал. культуры — какосавая пальма (каля 70% насаджэнняў краіны) і рыс. Вырошчваюць таксама арэхі кэш’ю, тапіёку, спецыі і вострыя прыправы, каўчуканосы, чай, каву. Марское рыбалоўства. Здабыча манацытавых пяскоў. Развіта харч., баваўняная, дрэваапр., гумавая, электратэхн., хім., нафтаперапр. прам-сць. Транспарт чыг. і марскі.
т. 8, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІКУТ, Кажыкодэ,
горад на Пд Індыі, у штаце Керала. 420 тыс. ж. (1991). Порт на Малабарскім беразе Аравійскага м. Лесапільная і дрэваапр. прам-сць. Апрацоўка арэхаў кеш’ю. Вытв-сць алею, парфумерыі, чарапіцы, цэлюлозы. Рыбалоўства. Месца першай высадкі партуг. экспедыцыі Васка да Гамы ў Індыі (1498).
т. 7, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,
выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСУ́Р,
дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).
т. 9, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАВІДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, дравідскія мовы,
сям’я моў на тэр. Паўд.-Азіяцкага (Індыйскага) субкантынента. Пашыраны пераважна ў Індыі. Падзяляюцца на групы: паўд. (тамільская, малаялам, кота, тода, кодагу, каннара і канада), паўд.-зах. (тулу), паўд.-ўсх. (тэлугу), цэнтр. (коламі, найкі, парджы, гадаба), гандванскую (гондзі, конда, куі, куві, пенга, манда), паўн.-ўсх. (курух, малто) і паўн.-зах. (брагуі). Аднак генетычная класіфікацыя Д.м. канчаткова не распрацавана. Чатыры Д.м. (тамільская, малаялам, канада і тэлугу) маюць стараж. л-ру і лічацца афіц. мовамі інд. штатаў Тамілна, Керала, Майсур і Андхра-Прадэш. На тулу пісьменства з’явілася ў канцы 19 ст. Астатнія Д.м. беспісьменныя.
У фаналогіі Д.м. адрозніваюцца кароткія і доўгія галосныя, фанематычны націск адсутнічае. У марфалогіі пераважае суфіксальная аглюцінацыя. Назоўнік і інш. імёны маюць 2 лікі і да 11 склонаў; род мае лексіка-грамат. характар; прыметнікі нязменныя, ступень прыкметы перадаецца сінтаксічна. Колькасць формаў часу дзеяслова вагаецца ад 2 да 6. Сінтаксіс мае шмат агульных рыс з сінтаксісам цюркскіх, мангольскіх моў.
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)