КЕБА́Н,
вадасховішча ў Турцыі, на р. Еўфрат. Пл. 750 км², аб’ём 31 км³, даўж. 125 км. Створана ў 1976 з мэтай энергетыкі, суднаходства і інш.
т. 8, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́Т (Murat),
Усходні Еўфрат, рака на У Турцыі, асноўная састаўляючая р. Еўфрат. Даўж. 670 км, пл. бас. каля 40 тыс. км². Пачынаецца на схілах масіву Аладаг, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне па Армянскім нагор’і. Веснавое разводдзе. Выкарыстоўваецца для арашэння. У ніжнім цячэнні вадасх. Кебан. На М. — г. Каракёсе.
т. 11, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎФРА́Т,
араб. Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г. Вавілон.
т. 6, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)