Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́КШЫ (Hylidae),
сям. бясхвостых земнаводных. 35 родаў, каля 580 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках Амерыкі і Аўстраліі. Жывуць у асн. на дрэвах. Актыўныя ўначы. Большасць відаў мае на канцах пальцаў расшыраныя дыскі-прысоскі, якія садзейнічаюць перамяшчэнню па верт. паверхнях. Найб.вял. род — сапраўдныя К. (род Hyla), 450 відаў. На Беларусі 1 від — К. звычайная (H. arborea).
Даўж. цела 2—13,5 см (К. звычайнай — да 5 см). Афарбоўка можа мяняцца ў залежнасці ад навакольнага фону. Кормяцца ў асн. дробнымі насякомымі і іх лічынкамі. Здабычу захопліваюць доўгім языком. Самкі адкладваюць да 1000 ікрынак. Жывуць у няволі.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАРЫ́БСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л.сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр.ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л.квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40°паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л.квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).