Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр.Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],
італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).
Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Антоніо Алегры, гл.Карэджа Антоніо П. 10/592
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІМЕ́Д,
у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, П.П.Рубенса, Рэмбранта і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РА У грэчаскай міфалогіі царыца багоў, дачка Кронаса і Рэі, жонка і сястра Зеўса. Лічылася ўладаркай хмар, маланкі і грому, пазней — багіня шлюбу і сямейнага шчасця, апякунка жанчын. Уяўлялі яе з яблыкам (сімвал шлюбу і ўрадлівасці), дыядэмай, скіпетрам царыцы, пакрывалам і ахвярнай чашай. Вылучалася жорсткасцю, раўнівым норавам. Міф пра Геру — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, скульптуры, карціны Карэджа, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала, Н.Пусэна). У рым. міфалогіі Геры адпавядае Юнона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕ́С,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНА́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Лерсея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТА ((Lotto) Ларэнца) (каля 1480, г. Венецыя, Італія — 1556),
італьянскі жывапісец. У творчасці спалучаў традыцыі венецыянскай і ламбардскай школ жывапісу, уплывы мастацтва Рафаэля, Карэджа і паўн.-еўрап. майстроў. Творы Л. вызначаюцца эмацыянальнай напружанасцю, жыццёвай пераканаўчасцю вобразаў і пейзажных фонаў, вытанчанай гучнасцю каларыту. Сярод твораў: «Мадонна са св. Пятром пакутнікам» (1503), «Зняцце з крыжа» (1512), «Дабравешчанне» (каля 1527), «Укрыжаванне» (1531), «Мадонна з ружанцам» (1539), фрэскі ў капэле Суардзі ў Трэскоря (1524) і інш. Аўтар партрэтаў епіскапа Б. дэ Росі (1505), дамініканца (1526), Феба да Брэшыя (1550-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.П.Румянцава. Пастаўлены ў 1809—24 (арх. Дж.Кларк) непадалёку ад Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Закладзены 18.10.1809 протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. Дзейнічаў да 1935 і ў 1941—60. У 1988—89 перададзены вернікам. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невял. рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане. На тарцах 4 дарычныя 6-калонныя порцікі, па баках нефа рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаны асн. класіцыстычныя элементы дэкору. У левай частцы трансепта магіла Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італьян. майстра А.Кановы «Багіня міру» (выканана скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італьян. мастака Карэджа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).