Кармянка (р., бас. Сажа) 5/447

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМА́,

гарадскі пасёлак, цэнтр Кармянскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Кармянка. За 110 км ад Гомеля, 55 км ад чыг. ст. Рагачоў на лініі Магілёў—Жлобін. Аўтадарогамі злучана з Чачэрскам і з аўтадарогамі Бабруйск—Крычаў і Гомель—Магілёў. 4,8 тыс. ж. (1998).

Вядома з 17 ст. як мястэчка ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ., уласнасць Быкоўскіх. У 1886—109 ж., 23 двары, школа, царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 30 крам, 3 кірмашы на год. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 дзейнічала мясц. арг-цыя Палескага к-та РСДРП і эсэраўская група. 25—26,2.1919 тут адбылося антысав. сял. паўстанне, падтрыманае мясц. эсэрамі і духавенствам. К. захоплена паўстанцамі, некат. чл. рэўкома забіты. Паўстанне задушана. У 1923—1,5 тыс. ж. У 1919—24 К. — пасёлак у Гомсльскай губ. РСФСР, з сак. 1924 у БССР. У 1924—30 цэнтр Кармянскага раёна ў Магілёўскай акр., з 1938 — у Гомельскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1962—65 у Рагачоўскім, у 1965—66 у Чачэрскім р-нах. У 1971—4,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Друкарня. 2 сярэднія, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, магіла ахвяр фашызму.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЯ́НСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1966). Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 18,3 тыс. чал. (1997), гарадскога 27,3%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Карма, 78 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Акцяброўскі, Барсукоўскі, Валынцаўскі, Ворнаўскі, Каменскі, Кароцькаўскі, Ліцвінавіцкі, Лужкоўскі, Стараградскі, Струкачоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яго тэр. забруджана радыенуклідамі. 24 населеныя пункты адселены. Большая ч. людзей пераселена ў Мінск, Гродна, г.п. Стрэшын (Жлобінскі р-н), вёскі Ціхінічы (Рагачоўскі р-н), Міхалькі (Гомельскі р-н), Карані (Светлагорскі р-н). 3 населеныя пункты знаходзяцца ў зоне з узроўнем радыяцыі 1—5 Кі на 1 км² (па цэзіі — 137), 11 у зоне 15—40 Кі на 1 км², астатнія ў зоне 5—15 Кі на 1 км².

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць вышыні 150—170 м, найвыш. пункт 176,2 м (каля в. Струкачоў). Карысныя выкапні: пясок, жвір, гліна, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Па тэр. раёна працякае р. Сож з прытокамі Кляпінка, Жавуніца (злева), Касалянка, Кармянка, Добрыч, Горна (справа). Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (45,4%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (35,6%). Пад лесам 26,1% тэрыторыі. Найб. лясістасць на У (левабярэжжа р. Сож). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя. На тэр. раёна біял. заказнік Струменскі і часткова паляўнічы заказнік Чачэрскі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 44,6 тыс. га, з іх асушаных 9,1 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 6 саўгасаў, падсобная гаспадарка «Валынцы», птушкафабрыка «Сож». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы льноапр., лёгкай, харч. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі ад райцэнтра да г. Слаўгарад, Чачэрск, в. Журавічы, Струкачоў. У раёне 14 сярэдніх, 1 базавая, 1 муз., 1 рабочай моладзі (дзённая) школы, 18 дашкольных устаноў, 24 клубы, 18 б-к, 1 бальніца, 1 паліклініка, 3 амбулаторыі, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі драўлянага дойлідства: ветраны млын (1905) у в. Бярозаўка, хата і гумно (19 ст.) у в. Вашчанкі, хата (19 ст.) у в. Жабін. Выдаецца газ. «Зара над Сожам».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)