Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАРДАІ́ТАВЫЯ (Cordaitales),
парадак вымерлых голанасенных раслін. Дрэвы і, магчыма, кусты. Існавалі ў карбоне—пермі. Найб. вывучаны зборны род кардаітаў (Cordaites), у якім больш за 100 відаў. На Беларусі іх выкапнёвыя рэшткі (лісце, стробілы, насенне, злепкі стрыжня) адзначаны ў адкладах сярэдняга і позняга карбону, пермі. Нагадвалі сучасныя хвойныя. Існавалі ва ўмовах вільготнага, цёплага клімату, раслі паблізу вадаёмаў.
Выш. да 30 м, ствол дыям. да 1 м, гладкі, разгалінаваны каля верхавіны. Лісце лінейнае, ланцэтападобнае ці стужкападобнае, даўж. да 1 м. Органы размнажэння ў выглядзе каташкоў з мужчынскімі і жаночымі стробіламі («кветкамі»). К., магчыма, далі пачатак хвойным. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.