КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,

вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб. пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).

Публ.:

Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карава́йны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. карава́йны карава́йная карава́йнае карава́йныя
Р. карава́йнага карава́йнай
карава́йнае
карава́йнага карава́йных
Д. карава́йнаму карава́йнай карава́йнаму карава́йным
В. карава́йны (неадуш.)
карава́йнага (адуш.)
карава́йную карава́йнае карава́йныя (неадуш.)
карава́йных (адуш.)
Т. карава́йным карава́йнай
карава́йнаю
карава́йным карава́йнымі
М. карава́йным карава́йнай карава́йным карава́йных

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)