Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯ́РНЫЯ З’Я́ВЫ,
сукупнасць фіз. з’яў, абумоўленых сіламі паверхневага нацяжэння на мяжы падзелу паміж асяроддзямі, якія не змешваюцца; асобны выпадак паверхневых з’яў. Адкрыты і даследаваны Леанарда да Вінчы, Б.Паскалем і Дж.Журэнам; тэорыя К.з. распрацавана ў работах П.Лапласа, Т.Юнга, Дж.Гібса і інш.
Да К.з. звычайна адносяць з’явы ў вадкасцях, выкліканыя скрыўленнем іх паверхняў, якія мяжуюць з інш. вадкасцямі, цвёрдымі целамі, газам ці ўласнай парай. Напр., падыманне змочвальнай (гл.Змочванне) ці апусканне нязмочвальнай вадкасці ў тонкіх (капілярных) трубках або сітаватасцях цвёрдага цела; гідрастатычны ціск у гэтым выпадку ўраўнаважваецца капілярным ціскам (гл.Лапласа закон). Ва ўмовах бязважкасці пры адсутнасці датыкання да інш. цел абмежаваны аб’ём вадкасці прымае пад уздзеяннем паверхневага нацяжэння форму шара (гл.Кропля). Такую ж форму вадкасць набывае і ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ўнутры інш. вадкасці, якая мае такую ж шчыльнасць. К.з. значна ўплываюць на ўласцівасці сістэм, што складаюцца з дробных кропель (эмульсіі, вадкія аэразолі, пены), а таксама ўмовы іх утварэння; вызначаюць умовы ўтварэння зародкаў кандэнсацыі, кіпення, крышталізацыі і адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (асабліва ў водным рэжыме глебы і абмене рэчываў у раслін), тэхніцы (напр., у працэсах сушкі, прамочвання) і інш.
Літ.:
Современная теория капиллярности. Л., 1980.
П.С.Габец.
Да арт.Капілярныя з’явы: а — капілярнае падняцце змочвальнай вадкасці; б — апусканне нязмочвальнай вадкасці.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ЗО́НА АЭРА́ЦЫІ,
верхняя зона зямной кары паміж яе паверхняй і люстэркам грунтавых вод. Змяшчае гіграскапічныя, плёначныя і капілярныя воды; часова ў ёй з’яўляюцца гравітацыйныя воды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,
хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.
Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл.Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш.Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКАЗІ́МЕТР (ад віскоза + ...метр),
прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш.Гл. таксама Вісказіметрыя.
Вісказіметры: 1 — капілярны; 2 — шарыкавы; 3 — ратацыйны; а і б — меткі; α — вугал закручвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
інфільтра́цыя
(ад ін- + фільтрацыя)
1) прасочванне атмасферных і паверхневых водаў праз капілярныя поры ў глебу, горную пароду;
2) пранікненне ў тканкі і клеткі арганізма пабочных рэчываў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,
сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).
Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл.Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл.Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.