КАПЕ́ЙШЧЫКІ, пікінёры,

пешыя і конныя воіны ў арміях краін Зах. Еўропы, Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—18 ст., асн. зброяй якіх было доўгае (3—4 м) кап’ё (піка). Дзейнічалі пад прыкрыццем стралкоў і артылерыі, пасля залпу якіх самкнутым строем атакоўвалі праціўніка і наносілі яму паражэнне ў блізкім (рукапашным) баі. З увядзеннем штыка ў пач. 18 ст. паступова зніклі ў рэгулярных арміях. У час паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве як К. дзейнічалі сяляне-касінеры.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

капе́йшчык

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. капе́йшчык капе́йшчыкі
Р. капе́йшчыка капе́йшчыкаў
Д. капе́йшчыку капе́йшчыкам
В. капе́йшчыка капе́йшчыкаў
Т. капе́йшчыкам капе́йшчыкамі
М. капе́йшчыку капе́йшчыках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

РЫ́ЦАРСКАЕ ВО́ЙСКА,

цяжкаўзброеная конніца, якая з’яўлялася гал. сілай феад. армій Зах. і Цэнтр. Еўропы ў 11—14 ст. Р.в. складалі рыцары з дробнамаянтковых і сярэдніх феадалаў, іх узбр. слугі — конныя і пешыя лучнікі, капейшчыкі (пікінёры) і пажы. Узбраенне: меч, цяжкае кап’ё (піка), а часам сякера на доўгім дзяржанні, булава або паліца; у якасці засцерагальнага ўзбраення — латы. Ніжэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай Р.в. было кап’ё, у якое ўваходзілі рыцар, збраяносец, конныя і пешыя лучнікі і пажы; вышэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай — сцяг (уключаў 25—80 коп’яў). Бой Р.в. зводзіўся гал. чынам да адзінаборства рыцараў. Найб. развіцця Р.в. дасягнула ў 11—13 ст. (гл. Крыжовыя паходы). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р.в. паступова страціла сваё значэнне.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯХО́ТА, інфантэрыя,

старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл. Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.

П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл. Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл. Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да ​2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл. Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.

Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.

Да арт. Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.​Харэўскага.
Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.
Да арт. Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)