Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІП’Е́РА ((Malipiero) Джан Франчэска) (18.3.1882, г. Венецыя, Італія — 1.8.1973),
італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін з буйнейшых італьян. кампазітараў 20 ст. Скончыў Муз. ліцэй у г. Балоння (1904). Выкладаў у кансерваторыях у Парме, Венецыі (з 1932 праф., у 1939—52 дырэктар). У 1932—40 узначальваў Італьян. ін-т А.Вівальдзі ў Сіене. Развіваў традыцыі нар. і класічнай італьян. музыкі. У яго творах інтэлектуалізм у спалучэнні з трагічнай іроніяй і гратэскам, фантасмагарычная сумесь рэальнасці і ілюзіі ўвасоблены ў традыцыях неакласіцызму. Сярод твораў: больш за 30 опер, у т.л. «Каноса» (паст. 1914), трылогія «Арфеіды» (паст. 1925), «Тры камедыі Гальдоні» (паст. 1926), «Юлій Цэзар» (паст. 1936), «Антоній і Клеапатра» (паст. 1938), «Гекуба» (паст. 1941), «Дон Жуан» (паст. 1963); балеты «Пантэя» (1919. паст. 1949), «Страдывары» (паст.
1958); кантаты, містэрыі і інш.; 11 сімфоній (1933—70); канцэрты для інструментаў з арк., у т.л. 5 для фп. (1934—58); камерна-інстр. ансамблі; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Рэдактар і выдавец многіх твораў італьян. музыкі 17—18 ст.
Літ.:
Богоявленский С Малипьеро// Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРО́НА (Verona),
горад у Паўн. Італіі, на р. Адыджэ. Адм. ц. прав. Верона. 256,8 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі) на паўд. подступах да перавалу Брэнер у Альпах. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, хім., лёгкая, дрэваапр., паліграф., харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Музеі, у т. л. Нац. пінакатэка. Штогадовы міжнар. с.-г. кірмаш.
У горадзе захаваліся стараж.-рымскія арэна, т-р, рэшткі ўмацаванняў (вароты Порта дэі Барсары, Порта дэі Леоні), мост Понтэ П’етра. У цэнтры Вероны 2 гал. плошчы: П’яцца дэле Эрбе (б. антычны форум) з гатычнымі дамамі Каса дэі Мерканці (1301) і Торэ дэль Гардэла (1370) і барочным Палацца Мафеі (1668); П’яцца дэі Сіньёры з раманскім Палацца дэль Камуне (пач. ў 1193), палацам Скалігераў (Палацца дэль Гаверна; канец 13 ст.) і рэнесансавай Лоджыяй дэль Кансільё (1475—92). Раманскія царква Сан-Дзена Маджорэ (5 ст.) і сабор (1139—87, кампаніла — 16 ст., арх. М.Санмікелі), гатычныя магільны склеп роду Скалігераў (13—14 ст.) і царква Сант-Анастазія (1291—1323 і 1422—81; у інтэр’еры фрэскі А.Пізанела). Гатычны замак Кастэльвек’ё (1354—75) з мостам Скалігераў. Рэнесансавыя палацы (Пампеі, 1530; Каноса, каля 1530; Бевілаква, 1532) і брама гар. умацаванняў (1530—50-я г.; усе арх. Санмікелі).
Літ.:
Горяинов В.В. Падуя. Виченца. Верона. М., 1978.
т. 4, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)