КАНДЫЛЬЯ́К, Кандыяк (Condillac) Эцьен Бано дэ (30.10.1715, г. Грэнобль, Францыя — 3.8.1780), французскі філосаф-асветнік. Член Франц. акадэміі (1768). Брат Г.Маблі. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. Аўтар «Усеагульнай гісторыі чалавека...» (каля 1770—73). Развіў сенсуалістычную тэорыю пазнання Дж.​Лока. Усе псіхічныя працэсы. ад успамінаў і да мыслення і праяўлення волі, тлумачыў пераўтварэннямі пачуццёвых успрыманняў, якія ўяўляюць сабой адзіную крыніцу пазнання («Трактат аб адчуваннях», т. 1—2, 1754). Крытычна ставіўся да тэорыі прыроджаных ідэй Р.​Дэкарга і манадалогіі Г.​Лейбніца. Быў адным з заснавальнікаў асацыятыўнай псіхалогіі. У галіне паліт. эканоміі выступаў з крытыкай фізіякратаў («Аб выгадах свабоднага гандлю», 1776). Логіку разумеў як агульную граматыку ўсіх знакаў, уключаў у яе і матэматыку («Мова злічэнняў», 1798).

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—3. М., 1980—83.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кандыльяк Э. 6/421; 8/672; 11/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАК,

матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.

Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.​Лок, Г.​Лейбніц, Э.​Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.

І.​І.​Мячыкава.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)