КАНАЛЕ́ТА (Canaletto; сапр. Каналь; Canal) Джавані Антоніо

(18.10.1697, г. Венецыя, Італія — 20.4.1768),

італьянскі жывапісец. Майстар вядуты. Вучыўся ў свайго бацькі, тэатр. мастака Б.​Каналя. Зазнаў уплывы нідэрл. вядуістаў і венецыянскіх пейзажыстаў М.​Рычы і Л.​Карлеварыса. Працаваў у Венецыі, Рыме (1719—20, 1742—43), Лондане (1746—53). У пейзажах-панарамах з выявамі арх. ансамбляў імкнуўся да рацыянальнага і аб’ектыўнага адлюстравання прасторы, дасягнуў віртуознай дасканаласці святлоценявой мадэліроўкі і каларыту, параднай відовішчнасці кампазіцыйнай вырашэння. Сярод твораў «Плошча Сан-Марка» (1723), чатыры «Віды Венецыі» (1725—26), «Набярэжная П’яцэты» (1730-я г.), «Прыём французскага пасла ў Венецыі» (1740-я г.), «Тэраса ў Рычмандзе» (1746), «Інтэр’ер сабора Сан-Марка» (1760-я г.). Рабіў афорты (серыя «Ведуты», 1740—44). Вучнем К. быў яго пляменнік Б.Белота.

Т.​В.​Пешына.

А.Каналета. Прыём французскага пасла ў Венецыі. 1740-я г.

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каналета А. 5/177

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДУ́ТА (італьян. veduta),

жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.​Белота, А.​Каналета, Дж.​Б.​Піранезі і інш.

Да арт. Вядута. А.​Каналета. Буцэнтаўр рыхтуецца адплыць ад мола ў дзень Узнясення. Каля 1740.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст. школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.​Б.​Цьепала, Дж.​Б.​П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.​А.​Каналета, Б.​Белота) адносіцца да 18 ст.

Літ.:

Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.

Да арт. Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.
Да арт. Венецыянская школа жывапісу. Я.​Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),

від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.

Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст. самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.​Груневальд, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах у Германіі, А.​Альтдорфер, П.​Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.​Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.​П.​Рубенс у Фландрыі, А.​Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.​Ларэна, Н.​Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.​Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.​Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.​Д.​Фрыдрых, Л.​Рыхтэр у Германіі, У.​І.​Кох у Аўстрыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.​Каро, Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле (Францыя), Дж.​Констэбла (Вялікабрытанія), А.​Менцэля (Германія), І.​Айвазоўскага, А.​Бенуа, Л.​Бродскай, І.​Грабара, А.​Дайнекі, А.​Куінджы, І.​Левітана, Г.​Ніскага, В.​Паленава, М.​Рэрыха, А.​Саўрасава, В.​Сярова, І.​Шышкіна (Расія), М.​Сар’яна (Арменія), А.​Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.​Банар, К.​Манэ, Э.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.​Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.​Гаген, П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.

У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.​Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.​Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.​Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.​Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.​Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.​Альхімовіч, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.​Жукоўскі, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Н.​Орда, Ю.​Пэн, К.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, Я.​Сухадольскі, І.​Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.​Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.​Волкаў, І.​Гембіцкі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, С.​Лі, М.​Сеўрук, М.​Станюта, А.​Тычына (1920—50-я г.), А.​Бархаткоў, У.​Басалыга, Я.​Батальёнак, Г.​Вашчанка, В.​І.​Вярсоцкі, В.​Грамыка, М.​Данцыг, М.​Ісаёнак, К.​Качан, А.​Кроль, У.​Лагун, З.​Літвінава, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, Л.​Марчанка, У.​Маскоўскіх, П.​Масленікаў, Г.​Паплаўскі. У.​Пасюкевіч, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Сумараў, І.​Рэй, В.​Цвірка, Л.​Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.

Літ.:

Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;

Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;

Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;

Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;

Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;

Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.
Да арт. Пейзаж. І.​Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.
Да арт. Пейзаж. В.​Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.
Да арт. Пейзаж. В.​Грамыка. Раніца туманная. 1974.
Да арт. Пейзаж. В.​Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)