КАНА́ВЕРАЛ (Canaveral, у 1964—73 наз. Кенэдзі),

мыс на У п-ва Фларыда (ЗША). На К. — Усх. выпрабавальны палігон з касм. цэнтрам і стартавай пляцоўкай для запуску касм. караблёў.

т. 7, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАЎНІ́ЦТВА ПА АЭРАНА́ЎТЫЦЫ І ДАСЛЕ́ДАВАННІ КАСМІ́ЧНАЙ ПРАСТО́РЫ (National Aeronauticas and Space Administration; НАСА),

ведамства ўрада ЗША. Створана ў 1958 для даследавання праблем палётаў у атмасферы Зямлі і касм. прасторы. Каардынуе дзейнасць па распрацоўцы, выпрабаванні і выкананні палётаў аэракасм. апаратаў, даследаванні, асваенні і выкарыстанні касм. прасторы і інш.

НАСА аб’ядноўвае 10 н.-д. цэнтраў, найбуйнейшыя з якіх: Касм. цэнтр імя Л.Джонсана ( г. Х’юстан, штат Тэхас), Цэнтр Маршала (г. Хантсвіл, штат Алабама), Цэнтр імя Дж.Кенэдзі на мысе Канаверал (штат Фларыда), Цэнтр касм. палётаў імя Р.Годарда (Грынбелт, штат Мэрыленд), Н.-д. цэнтр імя Эймса. НАСА здзейсніла большасць касм. праграм ЗША, найб. важныя: «Апалон» «Спейс шатл». «КХТ» (стварэнне касм. тэлескопа імя Э.Хабла), даследаванне планет Сонечнай сістэмы пры дапамозе касм. апаратаў «Піянер», «Вояджэр». У канцы 1990-х г. НАСА ўдзельнічае ў стварэнні міжнар. касм. станцыі і аэракасм. самалёта.

У.С.Ларыёнаў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),

ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.

У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.

Літ.:

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.С.Ларыёнаў.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)