КАМЫ́ШНІКАЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 1.8.1943, г. Аляксандраўск-Сахалінскі, Расія),

бел. вучоны ў галіне клінічнай біяхіміі і клінічна-лабараторнай дыягностыкі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1967). З 1981 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1997 прарэктар. Навук. працы па вывучэнні механізмаў нейрагумаральнай рэгуляцыі метабалічных працэсаў, стану ліпіднага абмену ў хворых з пашкоджаннем бронхапульманальнай сістэмы; па даследаванні патабіяхім. асаблівасцей атэрасклерозу пры лёгачнай паталогіі; распрацоўцы мед. тэхналогій дыягностыкі для стварэння айч. тэст-сістэм. Адзін з аўтараў «Даведніка па клінічнай хіміі» (2-е выд. 1982), «Даведніка ўчастковага тэрапеўта» (1986).

Тв.:

Клиническая биохимия. Мн., 1976 (разам з У.​Г.​Колбам);

Лабораторная диагностика хирургических заболеваний. Мн., 1993 (з ім жа);

О чем говорят медицинские анализы: Справ. пособие. Мн., 1997;

Жизнь, здоровье, долголетие: Советы профессоров. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНІ́ЧНАЯ БІЯХІ́МІЯ,

раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхім. працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхім. змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і мед. біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш. У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і інш. галіны К.б. (асобная К.6.). Метады біяхім. даследаванняў: абсарбцыйная фотаметрыя, іонаметрыя, флюараметрыя, імунаферментны аналіз і інш.

Асновы К.б. закладзены ў 17 ст. працамі Р.Бойля, у 18—19 ст. — А.Л.Лавуазье, М.В.Ламаносава і інш. У 1875 А.П.Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 ст. А.Я.Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.

На Беларусі К.б. развіваецца з 1920-х г. пры клініках мед. ф-та БДУ, з 1930 на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага мед. ін-та. У 1956 выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М.​Ф.​Меражынскага, у 1957 — «Біяхімія траўмы» Л.​С.​Чаркасавай, у 1970 створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 1993 працуе Рэсп. цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.

Літ.:

Мережинский М.Ф., Черкасова Л.С. Основы клинической биохимии. Мн., 1965;

Колб В.Г., Камышников В.С. Справочник по клинической химии. 2 изд. Мн., 1982.

У.​С.​Камышнікаў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)