КАМЕ́ННІК,
кветкавая расліна, тое, што бурачок.
т. 7, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАЧО́К (Alyssum),
алісум, каменнік, род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: бурачок Гмеліна (A. gmelinii), рэдкі від, трапляецца ў зах. раёнах на ўзлесках хваёвых лясоў і адкрытых пясчаных мясцінах; пустэльны (A. desertorum) і чашачны (A. alyssoides) — занесеныя віды, растуць каля чыгунак і дарог; 3 інтрадукаваныя: бурачок марскі (A. maritimum), серабрысты (A. argenteum) і скальны (A. saxatile) выкарыстоўваецца ў кветкаводстве.
Шэрыя або шэра-зялёныя адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з узыходнымі або распасцёртымі сцёбламі, апушаныя зоркавымі валаскамі. Лісце чаргаванае, падоўжанае адваротнаяйцападобнае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, жоўта-белыя, белыя або фіялетавыя, сабраны ў канцавыя гронкі. Плод — авальны, эліпсоідны або круглаваты стручок. Меданосныя і дэкар. расліны.
т. 3, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)