КАЛЭ́СА (Мікалай Філарэтавіч) (н. 6.12.1903, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. Украіны (1972). Праф. (1957). Сын Ф.М.Калэсы. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе (1928). З 1931 педагог Вышэйшага муз. ін-та імя Лысенкі, з 1940 — кансерваторыі (у 1953—65 рэктар), у 1940—53 адначасова дырыжор сімф. аркестра філармоніі і т-ра оперы і балета ў Львове. Аўтар сімф., камерных і хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л. бел. «Гоман, гоман на вуліцы» і «Калыханка» [былі ў рэпертуары Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі; змешчаны Р.Шырмам у 1-м т. анталогіі «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971)].
Літ. тв.: Дзве сустрэчы // Песня на ўсё жыццё: Успаміны пра Р.Р.Шырму. Мн., 1983.
Г.І.Цітовіч.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЭ́СА (Філарэт Міхайлавіч) (17.7.1871, с. Пясчавы Стрыйскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 3.3.1947),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, этнограф, кампазітар, літаратуразнавец. Акад. АН Украіны (1929). Бацька М.Ф.Калэсы. Скончыў Львоўскі ун-т (1896). Музыказнаўчую адукацыю атрымаў у Вене ў А.Брукнера, Г.Адлера. З 1939 праф. і адначасова (з 1940) дырэктар этнагр. музея Львоўскага ун-та. Заснавальнік укр. муз. этнаграфіі. Вывучаў суадносіны лакальнага і агульнанац. стылю ў фальклоры, гісторыю ўкр. дум, слав. фалькл. сувязі. У 1932 з К.Машынскім запісваў бел. фальклор на Палессі (матэрыялы апубл. ў арт. «Народная музыка на Палессі», 1939, дзе К. падкрэсліваў цесную сувязь укр. і бел. фальклору). Аўтар працы «Рытміка ўкраінскіх народных песень» (1907), хар. твораў, апрацовак нар. песень, літаратуразнаўчых прац на творчасці М.Лысенкі, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Л.Украінкі інш.
Тв.:
Мелодії українських народних дум. Київ, 1969;
Музикознавчі праці. Київ, 1970;
Фольклористичні праці. Київ, 1970.
Літ.:
Грица С. Ф.М.Колесса. Київ, 1962.
Л.С.Мухарынская.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)