КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),

венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.

Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.

І.Кальман.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кальман І. 1/387; 3/22; 4/232; 5/35, 281; 6/291, 508; 11/305, 604, 652

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́КСАТ ((Mikszáth) Кальман) (16.1.1847, Склабання, Венгрыя — 28.5.1910),

венгерскі пісьменнік. Ганаровы чл. Венгерскай АН (з 1889). Скончыў Будапешцкі ун-т. Літ. поспех прынеслі зб-кі апавяд. «Землякі-славакі» (1881) і «Добрыя палаўчане» (1882), напісаныя пад уплывам рамант. прозы М.Іокаі. Аўтар рэаліст. з элементамі сатыры раманаў «Выбары ў Венгрыі» (1893—97), «Аблога Бестэрце» (1896, экранізацыя 1948), «Дзіўны шлюб» (1900, экранізацыя 1951), гіст. «Чорны горад» (1910) і інш. Яго творам уласціва спалучэнне сатыр. завостранасці, сакавітага бытапісання анекдатычных сюжэтаў з тонкім і цёплым гумарам. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклаў Я.​Васілёнак.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1966—69.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЭ́ТА (італьян. operetta літар. маленькая опера),

адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.

У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда на лібр. М.​Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.​І.​Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.​Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.​Міладоўскага (лібр. М.​Лапіцкага і У.Сыракомлі).

Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.​Афенбах; Ф.​Эрвэ, Ш.​Лекок, Р.​Планкет), венская (Ф.​Зупэ, К.​Мілёкер, І.​Штраус-сын, К.​Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.​Легар, І.​Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз. т-рамюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.​Лоу, Дж.​Гершвіна, Р.​Роджэрса, Л.​Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.​Дунаеўскім і М.​Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.​Мілюцін, Б.​Аляксандраў, К.​Лістоў, В.​Салаўёў-Сядой, А.​Фельцман, В.​Баснер і інш.

На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.​Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.​Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.​Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.​Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.​Кандрусевіча).

Сярод артыстаў аперэты: Г.​Шнайдэр (Францыя), А.​Жырардзі (Аўстрыя), Г.​Марышка і Х.​Хонці (Венгрыя), Р.​Ярон, Т.​Шмыга (Расія), М.​Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.​Гайда, В.​Мазур, Р.​Харык, А.​Ранцанц, З.​Вяржбіцкая, Г.​Казлоў і інш.

Літ.:

Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;

Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.

Б.​С.​Смольскі, Н.​А.​Юўчанка.

Да арт. Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.​Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)