Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР.
Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў в. Асташын Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў гатычна-рэнесансавым стылі на сродкі Яна Швыкоўскага. Мураванае 1-нефавае збудаванне, прамавугольнае ў плане заканчвалася гранёнай апсідай; сцены былі прарэзаны 7 вокнамі. Да гал. фасада прымыкала шмат’ярусная вежа, завершаная 4-схільным шатром. 1-ы ярус па шырыні адпавядаў памерам асн. аб’ёму. З кожным ярусам памеры памяншаліся, што надавала кампазіцыі дынамізм. Унутраную прастору перакрывала паўцыркульнае скляпенне з распалубкамі. Знішчаны ў 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
А.І.Валахановіч.
Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.Орды. 1876.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры рэнесансу ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. з цэглы як кальвінскі збор, з 1588 касцёл. Мураваны прамавугольны ў плане 1-вежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс. З паўн. боку асн. аб’ёму ў 1-й пал. 17 ст. прыбудавана 3-ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая 4-гранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка вежы ўмацавана контрфорсамі, верхнія ярусы аздоблены плоскімі арачнымі нішамі, у 2-м ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У ніжнім ярусе вежы вылучаны прытвор, скляпенне якога апрацавана дэкар. нервюрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫН,
вёска ў Беларусі, у Луцкім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Сэрвач. За 15 км на Пд ад Карэлічаў, 210 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 206 ж., 108 двароў (1995). Пач. школа, клуб, б-ка.
Упершыню згадваецца ў 1428 у складзе Навагрудскага княства ВКЛ. У 15—19 ст. належала Ягелонам, Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Швыкоўскім, Грабоўскім. У 2-й пал. 16 ст. збудаваны Асташынскі кальвінскі збор (не збярогся). У сядзібным доме і зборы захоўваліся радавыя архівы і б-ка. У 1880-я г. ў Асташыне 57 двароў. У час 1-й сусв. вайны акупіравана герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З вер. 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Валеўскага, потым Карэліцкага р-наў.