Калус 5/278

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛУС, калюс (ад лац. callus тоўстая скура, мазоль),

тканкавае новаўтварэнне ў раслін на паверхні ранення. Узнікае на трэшчынах, у аснове чаранка, у месцах зрастання прышчэпы з прышчэпкам і інш. Спрыяе загойванню ран. Складаецца з парэнхімных клетак, паблізу якіх назіраецца рост, абумоўлены актыўнасцю мерыстэмы. Потым магчыма ўтварэнне лубу, драўніны і інш. тканак. У К. могуць закладвацца прыдаткавыя карані і пупышкі. Выкарыстоўваюць для атрымання культуры ізаляваных тканак.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́лус

(лац. callus = тоўстая скура, мазоль)

тканка, якая развіваецца ў месцах пашкоджання органаў раслін, на прывіўках прышчэпках або ў культуры ізаляваных тканак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КА́ЛЮС,

тое, што калус.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калюс, гл. Калус

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),

1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.

2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)