Калта́ць ’трохі памыць што-небудзь у сцюдзёнай вадзе’ (КЭС, лаг.). Іншыя крыніцы як быццам не падаюць гэтага слова, няма і дакладных адпаведнікаў у іншых усх.-слав. мовах. Дэфініцыя разглядаемага слова здаецца залішне канкрэтнай, відаць, неабходна дапускаць больш дыфузную — ’памыць’ або ’пабоўтаць’ (’абмыць’). Як роднаснае ў такім выпадку можна разглядаць рус. дыял. (вяц., у Даля да значэння) колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’, а ў якасці адпаведніка — дыял. колтать ’качаць, калыхаць, боўтаць і да т. п.’ (заходняе, паводле Даля), колтаться ’хістацца, боўтацца і інш. ’. Рус. колтать ’балбатаць і інш.’ зафіксавана ў шэрагу гаворак (валаг., пск., цвяр. і інш.), што можна разглядаць і ў плане арэальных адносін і як аргумент на карысць усх.-слав. паходжання дзеяслова, параўн. укр. ковтки ’збітыя касмылі воўны’, ’завушніцы’, рус. колтки ’завушніцы’ (пск. і паўн.-рус. у Бернекера, I, 660), для рус. слоў прапануецца рэканструкцыя kъltati, што разглядаецца як варыянт да koltiti. Храналогію лексемы трэба ўдакладніць, паколькі да ўсх.-слав. фактаў неабходна дабавіць польск. дыял. kieltać (варыянты kiełdać, giełdać) ’кроіць, рэзаць тупой прыладай; малоць (рухаючы); хістаць, круціць, мяшаць’, kiełtać się ’хістацца, калыхацца’ (паўдн.-польск., у Карловіча не фіксуецца, Слаўскі (2, 147) падае эксцэрпцыю з Купалы, JP, 38, 129–131, і інфармуе, што слова зрэдку сустракаецца ў літаратурных творах), далей макед. дыял. să klъ́tʼa ’калыхацца, кратацца’, адзначанае Малэцкім. На аснове гэтых прыкладаў можна ўзнавіць прасл. kl̥tati ’калыхаць, хістаць’; што датычыць абмежаванага распаўсюджання лексемы, гэта можна разумець і як арэальную суаднесенасць, якая сведчыць аб даўніх кантактах племянных гаворак (прасл. дыял. лексема, як аб гэтым мяркуе Слаўскі, 2, 147) і як архаічнасць слова, страчанага большасцю слав. моў. Параўн. яшчэ нашы меркаванні пад калдун, калдыга і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ґе́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (Сл. паўн.-зах.). Вельмі нагадвае рус. дыял. колтну́ть ’глытнуць’, укр. ковта́ти ’глытаць’, ст.-польск. kłtać ’тс’ (магчымыя сувязі ў Бернекера, 1, 660). Тады ў бел. мове азванчэнне зычных у зыходнага *калта́ць (> *галда́ць). Далей пры перанясенні націску на першы склад «аднаўляецца» «зыходнае» е.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калты́га ’неахайны, брудны чалавек’, ’неахайная кабета’, калтыжніца ’нячыстая жанчына’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Насовіч адзначыў калтыга ў значэннях ’суцяга, скнара’, ’махляр, ашуканец, карцёжнік’, колтыжнік ’махляр’, колтыжничать ’выцягваць у другога грошы падманам’. Рус. пск., асташк., цвяр. колтыг ’жмінда і да т. п.’, колтыга ’тс’, колтыжничать ’скупіцца, быць хцівым’, адзначаны таксама ў перм. гаворках калтышник ’скупянда’, калтышничать, а іншыя па форме колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’ ў пск., асташк., цвяр. Відавочна, што толькі адзначаныя ў Насовіча словы можна суаднесці з рус. прыкладамі і кваліфікаваць іх як вынік лакальнай бел.-рус. інавацыі. Што датычыць калтыга ’неахайны, брудны’ і ’неахайная, брудная жанчына’, відавочна, што паводле семантычнага крытэрыю з іншымі рус. і бел. лексемамі іх суаднесці нельга. Адносна этымалогіі гл. калтаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)