Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
АМАЗО́НКА (Amazonas),
рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл.бас. 7180 тыс.км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс.км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс.м³/с, макс. — больш за 300 тыс.м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс.км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т.л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).