Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЗА, Васа (швед. Vasa, польск. Wasa),
шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн.Густавам І [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,
мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян IIКазімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1449,
пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял.кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ Міхал Казімір
(1730 — 31.5.1800),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл.Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл.Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.
Літ.:
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі КазімірII у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІ Канстанцін Казімір
(1644—кастр. 1722),
царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром І спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІЯ,
старадаўні магнацкі род герба «Агінец», прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзярж., грамадска-паліт. і культ. жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сваё паходжанне выводзілі ад Рурыкавічаў, у 17 ст. прынялі каталіцтва. У 17 ст. род падзяліўся на 2 галіны — старэйшую (у 17 — пач. 19 ст. карысталася графскім тытулам) і малодшую (страціла княжацкі тытул). Найб. вядомыя з роду Агінскіх:
Аляксандр (каля 1585—1667), сын Багдана, ваявода менскі (1645), кашталян трокскі (1649). Удзельнічаў у войнах супраць шведаў, рускіх, туркаў. Шыман Кароль (каля 1620—99), сын Самуэля, падкаморы віцебскі (1654), мечнік літоўскі (1680), ваявода мсціслаўскі (1685). Марцыян (1632—26.1.1690), сын Аляксандра, ваявода трокскі (1670), канцлер вялікі ВКЛ (1684). Ваяваў супраць шведаў, рускіх. Удзельнік падпісання «Вечнага міру» 1686 з Расіяй. Ян (каля 1625 — 24.2.1694), сын Самуэля, маршалак ваўкавыскі (1657), пісар польны літоўскі (1668), ваявода мсціслаўскі (1672), ваявода полацкі і гетман польны літоўскі (1682). Ваяваў супраць рускіх, туркаў, татараў, удзельнік бітвы пад Венай 1683. Рыгор Антоні (? — 17.11.1709), сын Яна, харужы вялікі літоўскі (1687), староста жмудскі (1698), гетман польны літоўскі (1703), маршалак Трыбунала ВКЛ (1706). У 1700 разбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі. Прыхільнік Аўгуста II Моцнага і Пятра І. У 1700 у час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Ігнацы (каля 1698 — сак. 1775), маршалак Трыбунала ВКЛ (1732), маршалак вялікі ВКЛ (1750), кашталян віленскі (1768). Андрэй (13.4.1740 — 12.10.1787), сын Тадэвуша Францішка, маршалак Трыбунала ВКЛ (1760), мечнік літ. (1762), рэферэндар літ. (1771), сакратар вялікі ВКЛ (1773), кашталян (1778) і ваявода трокскі (1783). Міхал Клеафас, гл.Агінскі М.К. Міхал Казімір, гл.Агінскі М.К.