Казья́ны

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Казья́ны
Р. Казья́н
Казья́наў
Д. Казья́нам
В. Казья́ны
Т. Казья́намі
М. Казья́нах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Казьяны (в.) 4/157; 5/236; 11/370 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у сутоках рэк Дрысвята і Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 62 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 270 км ад Віцебска, 20 км ад чыг. ст. Паставы. 667 ж., 277 двароў (1997).

У гіст. крыніцах упамінаюцца пад 1504. У розны час належалі Пацам, Манузі, Плятэрам. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. У канцы 17 ст. пабудавана уніяцкая царква. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, пазней Віленскай губ. З 1798 мястэчка, побач знаходзілася вёска К. У 1866—400 ж., 35 двароў. У 1-ю сусв. вайну з восені 1915 да лют. 1918 наз. Раманава-Нікольскае. З 1921 у Польшчы, мястэчка Богінскай гміны Браслаўскага пав. У 1931 было 692 ж., 106 двароў, у вёсцы К. — 828 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1 ліст. 1942 паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыліся Казьянскія баі 1942. У лют. 1943 ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 156 яе жыхароў. Пасля вайны мястэчка і вёска аб’яднаны ў адзін нас. пункт. З 1960 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. 727 ж., 286 гаспадарак (1971).

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Магіла ахвяр фашызму. Царква.

т. 7, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НСКІЯ БАІ́ 1942,

баі паміж партыз. атрадам «Спартак» (пазней партыз. брыгада) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Казьяны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў вер. і ліст. 1942 у Вял. Айч. вайну. Партызаны, папярэджаныя мясц. жыхарамі пра карны атрад (600 чал.), які накіроўваўся ў гарнізон Казьяны для знішчэння іх атрада, падрыхтаваліся да бою. 15 вер. ў выніку раптоўнага нападу каля в. Баравыя партызаны прымусілі ворага адступіць, захапілі 30 веласіпедаў, шмат абмундзіравання; праследуючы карнікаў у гарнізоне Казьяны спалілі будынак паліцыі, раздалі насельніцтву 30 т нарабаванага акупантамі збожжа. У ноч на 4 ліст. ў выніку 8-гадзіннага бою партызаны знішчылі шмат гітлераўцаў, накіраваных сюды для аднаўлення казьянскага гарнізона, захапілі зброю і боепрыпасы.

т. 7, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЬ (Сямён Сцяпанавіч) (н. 25.7.1934, в. Казьяны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1958). З 1961 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па стварэнні новай тэхнікі для механізацыі працаёмкіх працэсаў ляснога комплексу. Распрацаваў тэарэт. асновы праектавання загрузачных і пакетафармавальных машын малой энергаёмістасці.

Тв.:

Теоретические основы исследования процессов формирования пакетов круглых лесоматериалов // Технология и оборудование заготовки и переработки древесины. Мн., 1988. Вып. 3.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НСКІ ЗА́МАК Казьянская крэпасць.

Існаваў у 16 ст. на Пн ад в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1563 у час Лівонскай вайны 1558—83 паводле загаду Івана Грознага як парубежная крэпасць. Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны р. Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50 × 120 × 110 м), з трыма чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі 2-схільнымі дахамі па вуглах. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі. Вежы злучаліся абарончымі сценамі (пад 2-схільным крыццём) з прамавугольнымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтр. частку ўнутр. прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 войскамі Рэчы Паспалітай, адлюстраваны на малюнку С.​Пахалавіцкага (1579).

Казьянскі замак. Малюнак С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГЯ́ЛА (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.крас. 1942?),

беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АН БССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.

Тв.:

3 беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927;

Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.

М.​Ф.​Шумейка.

Дз.І.Даўгяла.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)