кадо́н

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. кадо́н кадо́ны
Р. кадо́на кадо́наў
Д. кадо́ну кадо́нам
В. кадо́н кадо́ны
Т. кадо́нам кадо́намі
М. кадо́не кадо́нах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

кадон

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кадо́н

(ад код)

адзінка генетычнага кода, набор з трох нуклеатыдаў у інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаце, які вызначае месца дадзенай амінакіслаты ў бялковай малекуле (параўн. антыкадон).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

антыкадо́н

(ад анты- + кадон)

участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты, які «пазнае» кадон пры біясінтэзе бялку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАДО́Н

(ад анты... + кадон),

участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,

адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.

Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.

Э.В.Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)