КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),
іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛА СКА́ЛА»
(La Scala, поўная назва Teatro alla Scala),
оперны тэатр у Мілане (Італія); адзін з буйнейшых цэнтраў сусв.муз. опернай культуры. Адкрыты ў 1778. Пабудаваны паводле праекта арх. Дж.П’ермарыні на месцы царквы Санта-Марыя дэла Скала (адсюль назва т-ра). У час 2-й сусв. вайны будынак часткова разбураны, адноўлены ў 1946. Да 1800 на сцэне т-ра ставіліся і драм. спектаклі. З т-рам звязана дзейнасць Дж.Расіні, Г.Даніцэці, В.Беліні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні і інш., многія творы якіх пастаўлены тут упершыню. Найвышэйшы росквіт т-ра звязаны з дзейнасцю А.Тасканіні. Сярод дырыжораў таксама Г. фон Караян, В.Дэ Сабата, Н.Сандзоньё, Л.Ранконі, К.Абада, Р.Муці. У рэпертуары побач з операмі і балетамі італьян. кампазітараў творы сусв. класікі, у т. л. рускай (оперы М.Мусаргскага, балеты П.Чайкоўскага, Л.Мінкуса, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева) і сучасных кампазітараў. На сцэне т-ра пастаянна стажыруюцца і разам з італьян. артыстамі выступаюць спевакі і танцоўшчыкі з інш. краін свету, у т. л.рас. Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, Т.Мілашкіна, І.Архіпава, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, У.Атлантаў, В.Нарэйка, Т.Сіняўская, З.Саткілава, М.Плісецкая, ісп. М.Кабалье, П.Дамінга, Х.Карэрас, грэч. М.Калас, бел. М.Гулегіна, М.Грыгорчык, А.Валадось і інш. У 1955 створаны філіял т-ра «Пікала Скала», дзе ставяцца пераважна камерныя оперы. Трупа т-ра ў 1964, 1974, 1989 гастраліравала ў СССР.