ЗІНО́ЎЕЎ Сцяпан, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст.; майстар беларускай рэзі. Паходзіў з Беларусі. «Жалаваны» майстар Аружэйнай палаты ў Маскве. Ствараў узоры разьбы («лебядзіныя», «жураўліныя», «гусіныя», 1668). Удзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1678), у стварэнні разных іканастасаў для цэркваў у Ізмайлаве (1680-я г.), званіцы царквы царэвіча Іаасафа (1681) і Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра (1683—85) у Маскве. Зрабіў размаляваную фарбамі, серабром і золатам «Іарданскую сень» на 4 разных слупах (1668, разам з Арсеніем і К.Міхайлавым), разныя царскія вароты з сенню для царквы Фёдара Страцілата на Троіцкім падвор’і ў Маскве (былі ўстаноўлены ў іканастасе Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра, 1685).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІНО́ЎЕЎ Рыгор Яўсеевіч
(сапр.Радамысльскі Яўсей Аронавіч; 8.9.1883, г. Кіраваград, Украіна — 25.8.1936),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1901 чл.РСДРП, з 1903 бальшавік. Чл.ЦК партыі ў 1907—27, чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і ў 1921—26. У 1902—17 (з перапынкамі) у эміграцыі. 3 крас. 1917 у Расіі. Пасля ліпеньскага крызісу 1917 разам з У.І.Леніным хаваўся ў Разліве. У кастр. 1917 выступаў супраць узброенага паўстання, у ліст. — за ўрадавую кааліцыю з меншавікамі і эсэрамі. У 1917—26 старшыня Петраградскага Савета. У 1919—26 старшыня выканкома Камінтэрна. У 1925 на 14-м з’ездзе ВКП(б) крытыкаваў паліт. справаздачу ЦК, якую рабіў І.В.Сталін. У ліст. 1926 выключаны з партыі. Асуджаны па справах «Маскоўскага цэнтра» (1935, на 10 гадоў турмы) і «Трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра» (1936, расстраляны)· Рэабілітаваны ў 1988.