ЗІ́БЕЛЬ ((Sybel) Генрых фон) (2.12.1817, г. Дзюсельдорф, Германія — 1.8.1895),

нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Прадстаўнік вядучага пруска-малагерманскага кірунку ням. гіст. навукі 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Бонскім ун-це. З 1844 і 1861 праф. Бонскага, з 1846 Марбургскага, з 1856 Мюнхенскага ун-таў. У 1859 заснаваў у Мюнхене «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс»), У 1875—95 дырэктар Прускага дзярж. архіва ў Берліне. У 1862—64 дэп. ландтага. Гал. працы: «Гісторыя рэвалюцыйнай эпохі 1789—1795» (т. 1—5, 1853—79), «Заснаванне Германскай імперыі Вільгельмам I» (т. 1—7, 1890—94).

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА (Раіса Васілеўна) (н. 8.12.1926 Гомель),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Бел. кансерваторыю (1951, клас. Я.​Віцінга). У 1951—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вылучалася драм. тэмпераментам, добрай вак. школай. Сярод партый: у нац. рэпертуары Алеся («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Саўка («Марынка» Р.​Пукста), Надзея Дурава (у аднайм. оперы А.​Багатырова), Мальвіна («Калючая ружа» Ю.​Семянякі), Васілеўна і Маці («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера); у класічным — Ядвіга («Страшны двор» Манюшкі), Ваня («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), Зібель («Фауст» Ш.​Гуно).

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),

галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц. правідэнцыялізм. У 15—16 ст. італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.​Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.​Цьеры, Ж.​Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.​Цымерман і інш.) вывучалі пераважна паліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.​М.​Кудраўцаў, С.​В.​Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.​А.​Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.​С.​Карэлін, Л.П.Карсавін і інш. Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.​Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.​Л.​Маўрэр, У.​Стэбс, Г.​Мэн) і пазітывісцкі (Н.​Д.​Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.​Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.​І.​Няўсыхін, С.​Д.​Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.​Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.​Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.​Дзюбі, У.​Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.​Я.​Гурэвіч, Ю.​Л.​Бяссмертны і інш.

У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.​А.​Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.​Я.​Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.​І.​Гарамыкіна і Я.​Р.​Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.​П.​Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.​А.​Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.​А.​Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.​Дз.​Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.​І.​Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.​М.​Сурта, праблемы Адраджэння — А.​П.​Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт. Гістарыяграфія.

І.​А.​Еўтухоў, А.​А.​Прохараў, В.​А.​Фядосік.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)