Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Е́ЛЬСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫ́НА, пуня,
1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.
2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1796 з дрэва ва ўсх.-палескай традыцыі палескіх школ дойлідства. 3-зрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтр. і 5-граннага алтарнага (з рызніцай з Пн) зрубаў. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтр. аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтр. аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Алтарная частка аддзелена ярусным разным іканастасам. Побач з царквой 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) пад гранёным купальным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРА́К, ветраны млын,
вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з 12—13 ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з 16 ст., найб. пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., драўляныя. Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна 4), умацаваных на гарыз. вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на верт. вал і камяні паставоў. Бываюць ветракі стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. У стрыжнёвых высокі абшыты дошкамі квадратны ў плане каркас з 2-схільнай страхой (часта з залобкам з боку крылаў) паварочваўся вакол цэнтр. слупа, умацаванага на крыжавіне з тоўстага бярвення — козлах. Больш дасканалыя і магутныя шатровыя ветракі (пашыраны пераважна на У Беларусі) мелі высокі стацыянарны зрубны ці каркасны 8-гранны або круглы аб’ём і рухомую верхнюю частку — шацёр, які разам з крыламі пры дапамозе дышля ставілі супраць ветру. Сустракаліся (пераважна на З і Пн Беларусі) і невял. сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т. л. на колах — для перавозкі з месца на месца. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст.
Я.М.Сахута.
Вятрак з в. Шчолкава Валагодскай вобл. (Расія).Вятрак з в. Русіно Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.