ЗО́ЛВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дружнянка (злучана ручаём з возерам), за 13 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 0,31 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, на Пд не выражаны, парослыя лесам і хмызняком, на Пн сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей — сапрапелі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 85 м. Злучана ручаём з воз. Шылава.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зало́ўка, залві́ца, дыял. заві́ца ’мужава сястра’. Рус. золо́вка ’тс’, дыял. ’жонка брата’, зо́лва, зо́лвица ’тс’, укр. зови́ця ’мужава сястра’, польск. дыял. zołwica, załwica, чэш., славак. zolvica, славен. zȃłva, zȃlvica, серб.-харв. за̏ова, за̏овица, балг. зъ̀лва ’тс’, дыял. ’дзяўчына, што спявае на вяселлі з боку жаніха’, макед. золва. Ст.-рус. золовка (XVII ст.). Прасл. zъlъva (zъly). Грэч. гамер. *γάλωϜος ’мужава сястра’, лац. glōs ’мужава сястра’, ’братава жонка’. І.‑е. *gʼ(e)lōu̯‑ ’мужава сястра’. Далейшая этымалогія няясная. Аскалі (KZ, 12, 319–321) выводзіў з *gel‑ ’весяліцца, усміхацца’, але гэта няпэўна. Бел. формы — ст.-рус. ці прасл. пашырэнне прасл. памянш. суфіксамі ‑ка, ‑іца. Фасмер, 2, 103; Шанскі, 2, З, 105; Копечны, Zákl. zásoba, 431; Траўтман, 373; Покарны, 1, 367–368; Трубачоў, История терм., 136–137; Шаўр, Etymologie, 63; Лаўроўскі, Назв. родства. 73–77; Панюціч, Лексіка нар. гаворак, 1975, 49–50; Паўленка, Нарысы па бел. словаўтв., 1978, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)