ЗАПАВЕ́ДНІКІ,

1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл. Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».

Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн. га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.

На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.

2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.

Літ.:

Заповедники и национальные парки мира. М., 1969;

Заповедники Белоруссии: Исслед. Вып. 1—6. Мн., 1977—82;

Заповедники СССР: [Справ.]. М., 1980;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993;

Березинский биосферный заповедник. Мн., 1996.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ І ЗАПАВЕ́ДНІКІ.

Ствараюцца ў месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю выдатных людзей, для аховы і зберажэння гэ тых месцаў і навакольнага прыроднага асяроддзя. М.з. і з. рэсп. значэння ствараюцца паводле пастаноў СМ Рэспублікі Беларусь. Для захавання прыроднага ландшафту, забеспячэння аховы рэдкіх і каштоўных аб’ектаў прыроды, гісторыі і культуры у мемарыяльных запаведніках уводзіцца спец. рэжым (гл. ў арг. Запаведнікі). У мемарыяльных заказніках забараняюцца суцэльныя высечкі лесу, здабыча нярудных карысных выкапняў, правядзенне гідрамеліярац. і інш. земляных работ, буд-ва, не ўзгодненае з Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На Беларусі дзейнічаюць Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», Коласаўскі заказнік.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

запаве́днік

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. запаве́днік запаве́днікі
Р. запаве́дніка запаве́днікаў
Д. запаве́дніку запаве́днікам
В. запаве́днік запаве́днікі
Т. запаве́днікам запаве́днікамі
М. запаве́дніку запаве́дніках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

сафа́ры, нескл., н.

1. Паляванне на буйных дзікіх жывёл у спецыяльных запаведніках у Афрыцы, а таксама самі запаведнікі, дзе дазволена такое паляванне.

Паехаць на с.

2. Паход, турпаездка, працяглае падарожжа ў экзатычныя краіны.

3. Адзенне з лёгкай гладкай тканіны ў асноўным ахоўнага колеру хакі з накладнымі кішэнямі, адстрочкай і пад.

Стыль с. па-ранейшаму актуальны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чарні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чарніц. Чарнічны куст. □ Дзе ніжэй, па чарналессю, стаялі некранутымі чарнічныя ды буяковыя запаведнікі. Лынькоў. // Прыгатаваны з ягад чарніц. Усе чокнуліся з маладымі і выпілі разведзенага чарнічным сокам спірту з панскага бровара. Грахоўскі. // перан. Падобны на чарніцы, чарніцу. Сказаўшы вам, Аўдотка ж і ратавала Пракопа. То скокам, то бокам, то слязамі, то юрлівымі сваімі чарнічнымі вачыма. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы з касм. апаратаў і інш. Гл. таксама Глабальны маніторынг.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр. ч. воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПІНО́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Kampinoski Park Narodowy),

у Польшчы, на левым беразе р. Вісла, паблізу Варшавы. Засн. ў 1959. Пл. каля 22,4 тыс. га, у т. л. 1,9 тыс. газапаведнікі. У стараж. даліне Віслы — дзюны, укрытыя хваёвымі лясамі (рэшткі Кампіноскай пушчы), і балоты. Трапляюцца ласі, казулі, дзікі, гняздуюцца буслы, жураўлі, чаплі і інш. На тэр. парку 10 запаведнікаў; музей, стараж.

гарадзішча. Папулярнае месца адпачынку варшавян.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

Бодэнскае возера.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,

прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)