Загальскі масіў (балота) 4/467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЛЬСКІ МАСІ́Ў,

балота ў Любанскім р-не Мінскай вобл. і Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. На масіве 3 возеры, найб. Вячэра. Пл. 32,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 20,7 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважае асакова-гіпнавая расліннасць.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ РАЁН.

На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 45,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Любань. Уключае г.п. Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.

Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш. Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пал балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 62,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.

Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.

Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б. ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн. га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.

Літ.:

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;

Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

А.​В.​Мацвееў, Э.​А.​Крутавус.

Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.

т. 2, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)