Заазерскае (воз., бас. р. Клявы) 2/518 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЗЕ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Клява, за 16 км на ПнЗ ад г.п. Бялынічы. Пл. 0,58 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 2,9 км. Пл. вадазбору 8,8 км². Схілы катлавіны выш. 4—45 м, пераважна разараныя, на Пн і Пд парослыя хмызняком. Берагі нізкія, часткова забалочаныя, пад хмызняком.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВА́,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 28,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал/км². Цэнтр — г.п. Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс. га, з іх асушаны 14,1 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».

М.​М.​Брылеўскі.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл. Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 т метал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс. кВтгадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.

Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б. СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн. т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн. т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б. СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.

Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд. т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)