жупра́нскі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. жупра́нскі жупра́нская жупра́нскае жупра́нскія
Р. жупра́нскага жупра́нскай
жупра́нскае
жупра́нскага жупра́нскіх
Д. жупра́нскаму жупра́нскай жупра́нскаму жупра́нскім
В. жупра́нскі (неадуш.)
жупра́нскага (адуш.)
жупра́нскую жупра́нскае жупра́нскія (неадуш.)
жупра́нскіх (адуш.)
Т. жупра́нскім жупра́нскай
жупра́нскаю
жупра́нскім жупра́нскімі
М. жупра́нскім жупра́нскай жупра́нскім жупра́нскіх

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.

Ю.​А.​Якімовіч.

Жупранскі касцёл.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУПРА́НЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка, на аўтадарозе Вільнюс — Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Ашмян, 198 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Ашмяны. 795 ж., 288 двароў (1997).

Вядомыя з пач. 15 ст. як цэнтр воласці, што належаў вял. князю ВКЛ. З 1407 да пач. 16 ст. ўласнасць Манівідавічаў, потым да пач. 19 ст. — Радзівілаў. На карце Т.​Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. З 1811 уладанне Чапскіх. У 1880-я г. — 284 ж., 57 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1971—423 ж., 121 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла Ф.Багушэвіча і помнік яму (у вёсцы). Помнік архітэктуры — Жупранскі касцёл (19 ст.).

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ РАЁН,

на ПнУ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 38,5 тыс. чал. (1995), гарадскога 41,3%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал/км². Цэнтр — г. Ашмяны; 375 сельскіх населеных пунктаў. 11 сельсаветаў: Барунскі, Гальшанскі, Граўжышкаўскі, Гродзінскі, Жупранскі, Кальчунскі, Каменналогскі, Крайванцаўскі, Муравана-Ашмянкаўскі, Навасёлкаўскі, Семярніцкі.

Раён размешчаны ў межах Ашмянскага узвышша. Пераважаюць выш. 220—250 м над узр. м., найвыш. пункт 311 м (каля в. Цюпішкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Рэкі: Ашмянка, Альшанка, Клява. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 34,5% тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды, растуць бяроза, асіна, вольха, дуб. Агульная пл. балотаў 7,3 тыс. га (часткова асушаны).

На 1.1.1996 агульная пл. с.-г. Угоддзяў 65,7 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. У раёне 11 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, рапс, гародніну. Развіта харч. (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — сухое абястлушчанае малако) прам-сць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё і інструментальная вытв-сць), прыладабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (тэкст. — ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жвіра-пясчаная сумесь), торфабрыкету. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Вільнюс, аўтадарогі Мінск—Вільнюс і Астравец—Гродна. У раёне сельгастэхнікум, ПТВ, 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пач. і 1 спец., дзіцячая спарт. школы, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў. Санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба». Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.​Багушэвіча і філіял Нац. мастацкага музея Беларусі ў в. Гальшаны. Помнікі архітэктуры: манастыр базыльянаў (18 ст.) у в. Баруны, кляштар францысканцаў (17 ст.) і руіны замка (канец 16 — пач. 17 ст.) у в. Гальшаны, царква (19 ст.) у в. Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Граўжышкі, Петрапаўлаўскі касцёл (19 ст.) у в. Жупраны, сядзіба (19 ст.) у в. Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец 18 — пач. 19 ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец 16 ст.) у в. Мураваная Ашмянка. Выдаецца газ. «Ашмянскі веснік».

С.​І.​Сідор.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)