жу́дка

1. Сцежка, пешаходная дарожка па мяжы, па разоры ці па дзірваністай межавой броўцы (Крыч.).

2. Дарожка паміж дварамі для язды на возе (Крыч).

Іванкова жудка (сцежка) у в. Беражыстае Крыч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

пасяро́д, прыназ. і прысл.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.

2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)