Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ДУ (Amado) Жоржы
(н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер.літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл.Сусв. Савета Міру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́
(партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),
архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс.км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс.чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.